Плюшч звычайны (Hedera helix L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Араліевыя (Araliaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прэбарэальны сярэднеэўрапейскі горны рэліктавы від атлантычна-міжземнаморскага пашырэння, які ў Беларусі знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы арэала і за яе межамі [1, 2]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая ліяна з тонкім галінастым сцяблом (ва ўмовах Беларусі дасягае даўжыні 3-5 м), якое сцелецца па зямлі або падымаецца па ствалах дрэў пры дапамозе маленькіх паветраных каранёў-прысосак. Лісце чаргаванае, скурыстае, 3-5-лопасцевае (сярэдняя доля лопасці больш буйная). Кветкі зеленаватыя, пяцічленныя, сабраны ў шматкветкавыя шарападобныя парасонікі (адзінкавыя або ўтвараюць невялікую мяцёлку). Плод - ягада, якая выспявае вясной наступнага года [3].
Асаблівасці біялогіі. Ва ўмовах Беларусі цвіце толькі ў культуры. Размнажэнне вегетатыўнае. Маладыя гадавалыя парасткі абмярзаюць на вышыні снежнага покрыва [4].
Пашырэнне. Эўразія [3]. У Беларусі вядомы месцазнаходжанні ў Белавежскай пушчы, Берасцейскім, Маларыцкім, Жабінкаўскім і Асіповіцкім раёнах [5-7]. Раней адзначаўся ў наваколлях Шчучына, Ліды і Берасця [3, 8].
Месцы росту. Ялова-шыракалістыя і шыракалістыя лясы.
Характар росту. Утварае невялікія, месцамі значныя, зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый (высечка лесу, гаспадарчая трансфармацыя зямель і змены мікраклімату).
Культываванне. Вырошчваецца ў батанічных садах і парках, а таксама як пакаёвая расліна.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і спецыялізаваных батанічных заказніках. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [9] і Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10]
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, а таксама ландшафтнага заказніка (запаведніка) у Асіповіцкім раёне [11], пошук новых месцаў росту, забарона пазначаных вышэй антрапагенных уздзеянняў, больш шырокае ўвядзенне ў культуру, штучнае развядзенне і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора БССР, т. 3, 1950; 4. Парфенов, 1967; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Адерихо, Орехов, 1984; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі, 1981; 8. Пачоский, 1897; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981; 11. Адерихо, Юркевич, Вынаев, 1985.

В.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць