Лінея паўночная (Linnaea borealis L., 1753)
Парадак Варсянкакветныя (Dipsacales), сямейства Бружмелевыя (Caprifoliaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Арктабарэальны цыркумпалярны таежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўднёвай мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Вечназялёны кусцік з тонкімі парасткамі даўжынёй да 1,5 м, якія сцелюцца. Лісце цёмна-зялёнае, акруглае, дробнае, скурыстае, па краях зубчастае, супраціўнае. Кветкі белыя або ружовыя, з прыемным пахам, вяночак званочкападобны. Плод - касцянка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы чэрвеня-ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Паўночныя раёны Эўропы, Усходняя Азія, Паўночная Амерыка [2, 3]. У Беларусі трапляецца спарадычна ў Аршанскім, Баранавіцкім, Барысаўскім, Бешанковіцкім, Браслаўскім, Бярэзінскім, Валожынскім, Гарадоцкім, Дзяржынскім, Докшыцкім, Камянецкім, Карэліцкім, Лагойскім, Лёзненскім, Менскім, Мядзельскім, Наваградскім, Нясвіжскім, Полацкім, Пружанскім, Пухавіцкім, Салігорскім, Свіслацкім, Сенненскім, Стаўбцоўскім, Уздзенскім, Ушацкім, Чэрвеньскім і Шчучынскім раёнах [1-4].
Месцы росту. Маладыя сасновыя і яловыя лясы мшыстага, бруснічнага і чарнічнага тыпаў.
Характар росту. Расце невялікімі, часам буйнымі курцінамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя тэрыторый, высечка лесу, пажары, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне), выпас жывёлы.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, Белавежскай і Налібоцкай пушчах, азёрных заказніках «Крывое» і «Глыбокае-Чарбамысла», батанічным заказніку «Баранавіцкі» і некаторых спецыялізаваных батанічных заказніках мясцовага значэння. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [5], Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона высечкі лесу і выпасу жывёлы, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 3. Флора БССР, т. 1, 1955; 4. Ахоўныя расліны..., 1983; 5. Моисеева, 1967; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Ю.Бібікаў

Паведаміць пра недакладнасьць