Цынклідыум стыгійскі (Cinclidium studium Sw., 1801)
Парадак Эубрыевыя (Eubryales), сямейства Мніевыя (Mniaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы прадстаўнік аркта-альпійскага фларыстычнага комплексу, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёвай мяжы пашырэння.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі звычайна акруглыя, густыя, карычнева-зялёныя або чырвона-бурыя, знізу чарнаватыя, густалямцавыя да асновы новых гадавых парасткаў. Сцябло прамастойнае, даўжынёй да 10 см, простае або з каляверхавінкавымі парасткамі. Лісце рыхла размешчанае, каля звужанай асновы акруглае або адваротнаяйкападобнае, раптоўна коратка і рэзка завостранае, на верхавінцы сцябла ў малалістай разетцы, шпатэлепадобнае, з выцягнутым вострым кончыкам; усё - з чырвона-бурай аблямоўкай. Жылка простая, бура-чырвоная, заканчваецца ў верхавінцы ліста або выступае з яго кончыка. Клеткі ліста авальна-6-вугольныя, пры аснове падоўжаныя. Каробачка на ножцы, павіслая, прадаўгаватая, жоўта-карычневая. Перыстом двайны. Вечка пуката-канічнае, з бародаўкай [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомны. Спараносіць летам.
Пашырэнне. Аркта-альпійскі від з цыркумпалярным арэалам у паўночным паўшар'і, які ахоплівае арктычную, таежную і падтаежную зоны; на поўдні трапляецца ў гарах. У паўднёвым паўшар'і мае ізаляваны фрагмент арэала, які займае паўднёвую частку Паўднёвай Амерыкі. У Беларусі трапляецца толькі ў заходніх раёнах Беларускага Паазер'я - у Глыбоцкім, Лепельскім, Астравецкім і Мядзельскім раёнах.
Месцы росту. Нізінныя, асакова-гіпнавыя балоты з удзелам у покрыве пуханосу альпійскага, часцей на берагах невялікіх азёр.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі курцін на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя забалочаных зямель, якая выклікае дэградацыю цэнапапуляцый віду.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя гідралагічных і спецыялізаваных батанічных заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, 1981.

Г.Рыкоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць