Грыб-парасонік (буйналускаўніца) дзявочы (Macrolepiota puellaris (Fr.) Mos., 1967)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Агарыкальныя (Agaricales), сямейства Лускаўніцавыя (Lepiotaceae)

Статус. IV катэгорыя. Надзвычай рэдкі, слаба вывучаны від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Галарктычны від з дыз'юнктыўным эўразійскім арэалам. Малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела складаецца з ножкі і шапкі. Шапка дыяметрам 5-10 см, яйка- або парасонападобная, з пакатым гладкім бураватым бугарком і злёгку апушаным кудлатым або махрыстым краем, белая, укрыта трохвугольнымі адтапыранымі мяккімі белымі лусачкамі, сухая. Мякаць белая, рыхлая, без асаблівага смаку, з пахам рэдзькі, на разрэзе каля асновы ножкі чырванее. Пласцінкі свабодныя, шырокія, ланцэтападобныя, частыя, белыя або злёгку ружаватыя, пры дотыку набываюць бура-карычневае адценне. Споры гладкія, бясколерныя, у масе слаба крэмавыя, эліпсаідальныя, 8-9 x 5-6 мкм, з порай прарастання. Хейлацыстыды (краявыя цыстыды) выцягнутыя, бясколерныя, рознай формы. Ножка памерам 5-10 x 0,7-1 см, цыліндрычная, каля асновы расшыраная, полая, брудна-белаватая, з цягам часу карычнявата-бураватая, гладка-валакністая, уверсе з шырокім адыходзячым, даволі тоўстым і рыхлым белым кальцом [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Гумусавы сапратроф. Пладовыя целы з'яўляюцца спарадычна ў жніўні-верасні.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі вядома адзінае месцазнаходжанне ў наваколлі в. Падневічы ў Валожынскім раёне [1, 2].
Месцы росту. Узлескі і паляны хвойных і мяшаных лясоў, сухадольныя лугі. Расце на добра ўгноенай глебе ў гумусавым гарызонце.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі, зрэдку невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных і заагенных фактараў (зацвярдзенне глебы, выпас жывёлы і г. д.), збор і пашкоджванне пладовых цел.
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах росту віду спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцазнаходжанняў і іх ахова, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для аховы генафонду мясцовай папуляцыі і наступнага рассялення ў прыродныя ўмовы, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Вассер, 1980; 3. Michael, Hennig, Kreisel, 1979; 4. Moszer, 1978.

Г.Сяржаніна

Паведаміць пра недакладнасьць