Гамфацымбела выгнутая (Gomphocymbella ancyli (Cleve) Hust., 1951)
Аддзел Дыятомавыя водарасці (Bacillariophyta), клас Пенатафіцыевыя (Pennatophyceae), парадак Шоўныя (Raphinales), сямейства Гамфацымбелавыя (Gomphocymbellaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прэснаводны холадаўстойлівы альпійскі прадстаўнік роду.
Кароткае апісанне. Аднаклетачны мікраскапічны арганізм з лінейна-ланцэтнымі, слаба асіметрычнымі па падоўжнай і папярочнай восях, ледзь серпападобна выгнутымі і злёгку клінападобнымі створкамі з тупа закругленымі канцамі. Базальны канец больш звужаны і адцягнуты. Спінны край створкі выпуклы, брушны слаба ўвагнуты з невялікай пукатасцю пасярэдзіне. Даўжыня 30-45 мкм, шырыня 7-8 мкм. Восевае поле вузкае, сярэдняе - маленькае з ізаляванай кропкай. Шво эксцэнтрычнае, злёгку выгнутае. Палярныя шчыліны адагнуты да спіннога боку. Штрыхі (10-13 у 10 мкм) на панцыры радыяльныя, пункцірныя [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Вегетатыўнае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клеткі з наступным утварэннем адсутнай паловы панцыра.
Пашырэнне. У вадаёмах Цэнтральных Альпаў, горных вадаёмах Югаславіі, азёрах Германіі, Даніі, Ірландыі. Выяўлена ў Беларусі - у воз. Нарач.
Месцы росту. Расце ў планктоне і перыфітоне, прымацавана да субстрату студзяністымі ножкамі, у намулках, донных адкладаннях.
Характар росту. У планктоне трапляецца адзіночнымі экземплярамі, у абрастаннях макрафітаў - ад некалькіх да 1000 экз./ кв. см паверхні, у намулках - часта.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Эўтрафіраванне вадаёмаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў росту і арганізацыя іх аховы, прадухіленне эўтрафіравання вадаёмаў і парушэння іх тэрмічнага рэжыму.

Літ.: 1. Забелина и др., 1951; 2. Хурсевич, 1976; 3. Энцыклапедыя..., 1983.

Т.Міхеева

Паведаміць пра недакладнасьць