Адзінота. Чалавек не можа жыць без кантактаў з іншымі людзьмі. Праз сацыяльныя сувязі ў яго выпрацоўваецца адчуванне ўласнай годнасці, развіваецца самасвядомасць, фармуюцца асновы самасцвярджэння і самаарганізацыі. У шэрагу выпадкаў кантакты, зносіны і адносіны паміж людзьмі могуць быць парушаны. Узнікае стан адзіноты. Адзінота - гэта сацыяльна-псіхалагічны стан ізаляцыі чалавека ад іншых людзей. Ён можа быць рэальным і ўяўным, часовым і працяглым, вымушаным і добраахвотным; можа быць абумоўлены геаграфічнай (тэрытарыяльнай), сацыяльнай, турэмнай, псіхалагічнай ізаляцыяй. Такому стану найчасцей за ўсё спадарожнічаюць негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, псіхалагічны шок, дэпрэсія, трывожны настрой і бездапаможнасць. Чым большы час чалавек знаходзіцца ў стане адзіноты, тым вастрэй актуалізуецца патрэба ў сувязі з іншымі людзьмі, з навакольным светам. Поўная адзінота вядзе да псіхалагічнага разбурэння асобы. Чалавек можа быць фізічна адзінокі, але пры гэтым быць звязаным з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., што надае яму адчуванне прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, грамадскага руху і г.д. І наадварот, ён можа жыць сярод людзей, але адчуваць сябе ў поўнай ізаляванасці; калі такі стан пераходзіць пэўную мяжу, можа ўзнікнуць шызафрэнічны стрэс. Фізічная адзінота становіцца непераноснай ў выпадку, калі ёй спадарожнічае маральная, сацыяльная, псіхалагічная адзінота. Адсутнасць сувязей з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сацыяльным наваколлем - сацыяльная адзінота. Духоўная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм, мноства людзей выпадае з ранейшых прафесійных, партыйных, грамадскіх суполак і атрымлівае сапраўдную свабоду самавызначэння, не маючы да гэтага ні звычак, ні імкнення. Аднак побач з негатыўным характарам адзіноты існуе «адзінота-лякарства», што дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць. Пазбавіцца ад адзіноты дапамагаюць умацаванне сацыяльных сувязей, любоў і творчая праца. Асабліва важныя два апошнія, менавіта на іх грунтуецца цэласнасць асобы, рэалізуецца яе творчы патэнцыял.

Паведаміць пра недакладнасьць