Адчуванне, адлюстраванне аб'ектыўнай рэальнасці, якое ўзнікае ў выніку яе ўздзеяння на органы пачуццяў і ўзбуджэння нервовых цэнтраў галаўнога мозга; зыходны пункт пазнання свету. Сукупнасць адчуванняў стварае пачуццёвы склад прадметных вобразаў рэчаіснасці, выступае крыніцай і перадумовай пазнання. Віды адчування разнастайныя: зрокавыя, слыхавыя, вібрацыйныя, нюхальныя і г.д. Адчуванне ўзнікла ў сувязі з утварэннем нервовай сістэмы ў працэсе эвалюцыі жыцця. Пры гэтым толькі для невялікага ліку відаў энергіі выпрацаваліся спецыфічныя органы пачуццяў. Адчуванне многіх іншых уласцівасцей аб'ектыўнага свету (напрыклад, формы, велічыні і інш.) узнікае толькі ў працэсе ўзаемадзеяння розных органаў пачуццяў. Такім чынам на аснове інфармацыі будуецца вобраз аб'ектыўнай рэальнасці, а не сукупнасць перажыванняў ад уздзеяння знешняга раздражняльніка на органы пачуццяў. Прадметнае аднясенне адчуванняў, іх зрашчэнне з тымі значэннямі, якія маюць для чалавека ўспрымальныя рэчы, дазваляюць зразумець адчуванне не толькі як псіхафізіялагічны, але і як сацыяльна-гістарычны феномен. Пачуцці чалавека апасродкаваны вопытам яго прадметна-практычнай дзейнасці, развіццём асобы, багаццем свету прадметнай культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць