Біржа (ням. Börse ад грэч. byrsa - кашалёк). Першапачаткова гэта слова абазначала гандлёвы цэнтр горада, час, на працягу якога адбываліся таргі (сходы), і самі таргі. У сучасным значэнні біржа - гэта структура для куплі-продажу масавых тавараў (таварная), каштоўных папер (фондавая), валюты (валютная), а таксама для пасрэдніцтва ў найме рабочай сілы (біржа працы). Біржай называюць таксама будынкі, дзе адбываюцца сустрэчы пакупнікоў з прадаўцамі і заключаюцца здзелкі. Галоўнае прызначэнне біржы - стварыць больш спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення гандлёвых аперацый. Спецыяльна падрыхтаваныя асобы - брокеры - ці брокерскія канторы (фірмы) па даручэнні пакупнікоў і за іх кошт (часам і па ўласнай ініцыятыве) знаходзяць патрэбныя тавары і выступаюць пасрэднікамі пры заключэнні здзелак на куплю-продаж.

Таварная біржа ажыццяўляе аптовы продаж масавых тавараў, пераважна сыравінных і харчовых (каляровых металаў, бавоўны, збожжа, цукру і інш.). Тавары павінны адпавядаць пэўным узорам і стандартам. Рэалізуюцца яны партыямі, мінімальны памер якіх вызначаецца загадзя. Узровень цэн на таварных біржах называюць біржавымі каціроўкамі, якія адлюстроўваюць сусветны ўзровень цэн на біржавыя тавары і з'яўляюцца асновай для ўстанаўлення цэн на аналагічныя тавары ў звычайным гандлі.

Фондавая біржа займаецца купляй-продажам акцый і аблігацый акцыянерных кампаній, а таксама аблігацый дзяржаўных пазык. Асноўныя яе функцыі: мабілізацыя часова свабодных сродкаў для доўгатэрміновых інвестыцый у эканоміку і фінансавання дзяржаўных праграм; устанаўленне біржавога курсу - рыначнага кошту каштоўных папер; пераліванне капіталу паміж кампаніямі, галінамі і сферамі.

Валютная біржа ажыццяўляе куплю-продаж замежнай валюты па рыначных цэнах.

Біржа працы - дзяржаўная структура, пасрэдніцкае звяно паміж прадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. Вывучае попыт і прапанову ў розных рэгіёнах, займаецца пытаннямі прафесійнай арыентацыі моладзі, прафесійнай перападрыхтоўкі і працаўладкавання.

У Беларусі ў ліку першых адкрыты ў 1908 Менская лясная, у 1913 Віцебская таварная біржа (спынілі дзейнасць у 1-ю сусветную вайну). У 1920-я г. таварныя біржы існавалі ў Віцебску, Менску, Гомелі і Магілеве з мэтай уздзеяння на прыватны рынак, каб ператварыць яго ў сацыялістычныя формы гандлю. З дасягненнем гэтага біржы ліквідаваны. З фармаваннем рыначнай эканомікі зноў узніклі на пачатку 1990-х г. У 1991 зарэгістравана 13 біржаў, з іх найбольшыя Беларуская фондавая, таварная «Белая Русь», Беларуская аграпрамысловая (таварна-фондавая), Міжбанкаўская валютная біржа. Функцыі біржы працы выконваюць цэнтры занятасці.

Паведаміць пра недакладнасьць