Валюта. Слова гэта паходзіць ад італьянскага valuta, што абазначае «кошт». Адрозніваюць нацыянальную і міжнародную валюту. Нацыянальная валюта - грашовая адзінка краіны (напрыклад, рубель Беларусі, даляр ЗША, рубель Расеі, марка Германіі). Міжнародная валюта - грашовыя знакі замежных краін, а таксама крэдытныя і плацежныя дакументы (вэксалі, чэкі і іншыя), якія выражаны ў замежных грашовых знаках і выкарыстоўваюцца ў міжнародных разліках. Існуюць і спецыяльныя міжнародныя разліковыя валюты: СДР (выкарыстоўваецца Міжнародным валютным фондам) і ЭКЮ (разліковая грашовая адзінка краін - сябраў Эўрапейскага Супольніцтва).

Нацыянальная валюта бывае свабодна канверсаваная (абарачальная), часткова канверсаваная і неканверсаваная (неабарачальная, ці замкнутая). Канверсаваная валюта свабодна абменьваецца на любую іншую валюту і можа быць выкарыстана для любых аперацый без абмежавання. Да такіх валют адносяцца даляр ЗША, марка ФРГ, японская іена, ангельскі фунт стэрлінгаў, французскі франк і некаторыя інш. Часткова канверсаваная валюта абменьваецца на іншыя не па ўсіх аперацыях, а неканверсаваная зусім не абменьваецца і не выкарыстоўваецца ў міжнародных разліках.

Пры канверсаванасці валюты важнае значэнне набываюць валютны парытэт (суадносіны, якія афіцыйна вызначае дзяржава паміж дзвюма валютамі - нацыянальнай і валютай кожнай з іншых краін) і валютны курс (суадносіны валюты, якія ўстанаўліваюцца на валютным рынку пры куплі-продажы валюты ў залежнасці ад попыту і прапановы). У СССР і іншых сацыялістычных краінах існавала валютная манаполія - выключнае права дзяржавы на валютныя аперацыі. З фармаваннем рыначнай эканомікі валютныя аперацыі ажыццяўляюць банкі і суб'екты гаспадарання; асабістыя валютныя рахункі ў банках могуць адкрываць і грамадзяне Беларусі. Аднак за дзяржавай захавалася права валютнага рэгулявання. З 1993 у Менску дзейнічае міжбанкаўская валютная біржа.

Паведаміць пра недакладнасьць