Вера. Педагог В.А.Сухамлінскі сцвярджаў, што без веры чалавек вырастае духоўна спустошаным і маральна няўстойлівым, а нямецкі паэт і мысліцель І.В.Гётэ, наадварот, сцвярджаў, што вера - «не пачатак, а канец усякай мудрасці». Сёння відавочна наіўнасць веры народа ў добрага цара-бацюшку ці геніяльнага правадыра. Шмат стагоддзяў, людзі верылі, што Зямля плоская, што яна з'яўляецца цэнтрам сусвету і г.д. Гэта не адпавядала сапраўднасці, але было ўяўленнем і прадметам веры. Прадмет веры - уяўленне, якое можа быць сапраўдным або несапраўдным.

Вера ўзнікае ў чалавека тады, калі ён зацікаўлены ў ёй і для яго важна, каб такое ўяўленне стала пануючым або рэальнасцю. Вера можа ўплываць на паводзіны чалавека, абумоўліваць яго перакананні і матывы дзейнасці. Вера ў магчымасць прадухілення ядзернай вайны, заснаваная на агульначалавечым імкненні да захавання жыцця на Зямлі, заахвочвае людзей да такіх дзеянняў, якія, на іх думку, могуць прадухіліць знішчэнне чалавецтва. Такім чынам, вера - гэта эмацыянальныя, зацікаўленыя адносіны чалавека да тых уяўленняў і ідэй, якія адлюстроўваюць жаданую рэчаіснасць. У большасці рэлігійных вучэнняў вера - цэнтральная светапоглядная пазіцыя і адначасова псіхалагічная ўстаноўка, якая трактуецца як унутраны стан чалавека. У юдаізме, хрысціянстве і ісламе паняцце «вера» амаль супадае з паняццем «рэлігія» (выразы «хрысціянская вера» і «хрысціянская рэлігія» выкарыстоўваюцца як сінонімы).

У філасофіі І.Канта вера пераасэнсоўваецца як пазіцыя розуму, які прымае тое, што з'яўляецца лагічна недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. Яна можа станоўча або адмоўна ўздзейнічаць на грамадскія працэсы, развіццё асобы. Лепш верыць у сапраўднае, чым у лжывае ці ілюзорнае ўяўленне. Так, маленькія дзеці схільныя верыць, што іх бацькі - лепшыя людзі ў свеце і таму заслугоўваюць пераймання. Дадатнае ўздзеянне веры будзе забяспечана толькі ў тым выпадку, калі дарослыя будуць сапраўды вартыя таго, каб стаць прыкладам для іншых. Другім момантам веры з'яўляюцца інтарэсы, з якімі яна звязана. Прагрэсіўныя, высокамаральныя, гуманістычныя інтарэсы станоўча ўплываюць на веру. Калі ж вера вызначаецца рэакцыйнымі, ганебнымі, карыслівымі інтарэсамі, то яна будзе перашкаджаць прагрэсу грамадства і ўдасканаленню чалавека.

Паведаміць пра недакладнасьць