Вёска. Этымалогія слова ідзе ад старажытнаславянскага «въсь». Гэта асноўны тып сельскага паселішча ў Беларусі. Вёскі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці пры рассяленні земляробаў. Напачатку пераважалі невялікія (плошчай да 3 га) паселішчы на паплавах ці берагавых схілах рэк і азёр. З узнікненнем рамяства некаторыя з іх пачалі ператварацца ў гарады і мястэчкі. З таго часу вёска засталася спецыфічным паселішчам насельніцтва, занятага сельскагаспадарчай і блізкай да яе па мясцовых умовах вытворчасцю. У сярэднявеччы існавалі і іншыя віды вясковых паселішчаў: сяло (адрознівалася ад вёскі большымі памерамі, часта наяўнасцю панскай сядзібы, царквы), слабада, слабодка (іх насельніцтва асвойвала новыя землі і часова вызвалялася ад падаткаў), засценак (размяшчаліся «за сценамі», г.зн. за межамі зямель сялянскай абшчыны). Пазней усе яны сталі называцца вёскай.

Характэрныя рысы вёскі абумоўлены асаблівасцямі вытворчасці, укладу жыцця, гістарычнымі і географа-кліматычнымі ўмовамі. На пачатку 20 ст. на поўдні Беларусі пераважаюць буйныя вёскі (200-300 жыхароў), на поўначы - дробныя (каля 50 жыхароў).

У савецкі час аблічча вёскі, як і ўклад жыцця іх насельнікаў, істотна змянілася. Вёскі сталі большыя (за кошт ссялення хутароў і маладворных вёсак), палепшылася іх планіроўка, з'явілася шмат прадпрыемстваў культурна-бытавога прызначэння. Іншымі сталі планіроўка сядзіб, гаспадарчыя пабудовы, інтэр'ер жылых дамоў. А многія вёскі забудаваны накшталт гарадоў - з усімі бытавымі выгодамі і арыгінальнай планіроўкай.

Варта згадаць, што ў Другую сусветную вайну гітлераўскія акупанты спалілі і разбурылі 9200 вёсак, з іх 628 спалены разам з жыхарамі; 186 такіх вёсак не адрадзіліся пасля вайны. У 1960-1980-я г. ліквідавана шмат т.зв. «неперспектыўных» вёсак, у якіх было спынена развіццё сацыяльнай сферы. Сотні вёсак поўнасцю ці часткова апусцелі з-за Чарнобыльскай катастрофы. У 1986-1992 на новае жыхарства з забруджаных радыяцыяй тэрыторый пераехала больш як 130 тыс. чалавек, пераважна вяскоўцаў, якія абжылі 183 паселішчы на новых месцах, у т.л. і спецыяльна пабудаваныя для іх новыя пасёлкі. Усяго колькасць вёсак у Беларусі зменшылася з 34,4 тыс. у 1959 да 24 тыс. на пачатак 1997. У іх жыве амаль 3,2 млн. (30,7%) насельніцтва краіны. Па ўзроўні камфортнасці жыцця пераважнай большасці вяскоўцаў яшчэ вельмі далёка да гараджан. Тым не менш вёска з'яўляецца карміцелькай краіны: галоўным пастаўшчыком прадуктаў харчавання. На працягу стагоддзяў яна была і цяпер застаецца хавальніцай самабытных народных традыцый, у чым вытокі этнічнага самазахавання і нацыянальнага адраджэння беларускага народа.

Паведаміць пра недакладнасьць