Заработная плата. Сутнасць паняцця вынікае з самой назвы артыкула: гэта заробленая плата. Вучоныя-эканамісты вызначаюць яе як працоўны даход работніка, адпаведны яго працоўнаму ўкладу, з улікам сродкаў, неабходных для ўзнаўлення рабочай сілы. Але заработная плата - не толькі заробленыя грошы. Для маладога чалавека, які пачынае працоўную дзейнасць, яна - сведчанне пераходу ад становішча ўтрыманца да паўнапраўнай грамадскай сталасці.

Існуюць 2 асноўныя формы заработнай платы: пачасовая (залежыць ад працягласці адпрацаванага часу, можа быць «пагадзінная», «патыднёвая», «падзённая») і здзельная (ад колькасці вырабленай прадукцыі). Адрозніваюць намінальную заработную плату (атрыманая работнікам плата ў грашовым выражэнні) і рэальную (сума даброт і паслуг, якія можна атрымаць за яе пры наяўных цэнах). Узровень заработнай платы залежыць ад стану эканомікі краіны і попыту на рабочую сілу: вышэй попыт - вышэй і заробак.

У развітых краінах склаліся 3 асноўныя тыпы арганізацыі заработнай платы - амерыканскі, японскі і заходнеэўрапейскі. Амерыканскі заснаваны найперш на ўліку і ацэнцы зробленай работы. Асабліва цэніцца кваліфікацыя, валоданне сумежнай прафесіяй. Японскі найперш ацэньвае здольнасці работніка - яго агульнаадукацыйны ўзровень, стаж работы, узрост, стараннасць, ахайнасць, адданасць фірме, што абумоўлена японскай традыцыяй пажыццёвага найму работніка. Заходнеэўрапейскі называюць прамежкавым (змешаным), бо ў ім выкарыстоўваюць элементы амерыканскага і японскага тыпаў.

У Беларусі з фармаваннем рыначнай эканомікі ажыццяўляецца пераход да новай арганізацыі заработнай платы на наступных асноўных прынцыпах: дзяржаўнае рэгуляванне ўзроўню мінімальнай заработнай платы, на якую можна набыць мінімальна неабходныя для жыцця сродкі (так званы «спажывецкі кошык»); роўныя магчымасці зарабляць грошы на выплату зарплаты ва ўсіх сферах дзейнасці незалежна ад формаў уласнасці прадпрыемстваў; аплата за рэальны працоўны ўклад кожнага работніка і эфектыўнасць яго працы; самастойнасць прадпрыемстваў (фірмаў) у арганізацыі і ўзроўні аплаты працы; перагаворна-дагаворная форма ўзаемадзеянняў паміж суб'ектамі, звязанымі з аплатай працы. Ажыццяўляецца пераход да адзінай тарыфнай сеткі, на аснове якой вызначаюцца месячныя тарыфныя стаўкі канкрэтным прафесійна-кваліфікацыйным групам работнікаў з улікам складанасці іх працы. Памеры грашовых выплат па кожнай тарыфнай стаўцы вызначаюцца на аснове генеральнага трохбаковага тарыфнага пагаднення ўдзельнікаў - дзяржавы, работадаўцаў і прафсаюзаў. Але канчатковы ўзровень заработнай платы вызначае само прадпрыемства (фірма). Акрамя таго, на аснове калектыўнага дагавору могуць выплочваць прэміі і надбаўкі з атрыманага прыбытку і дывідэнды па акцыях. Але пакуль па ўзроўні заработнай платы Беларусь істотна адстае ад развітых краін.

Паведаміць пра недакладнасьць