Звычай, атрыманы ў спадчыну стэрэатыпны спосаб паводзін, які ўзнаўляецца ў пэўным грамадстве або сацыяльнай групе і з'яўляецца прывычным для іх сябраў. У старажытным грамадстве гэта быў адзін з асноўных рэгулятараў адносін паміж людзьмі, што вызначала ўстойлівы і нерухомы характар сацыяльнага ўкладу і слабае развіццё міжкультурных зносін. Звычай перадаваўся ад пакалення да пакалення, рэгламентаваў паводзіны індывіда, служыў сродкам далучэння яго да пэўнага сацыяльнага і культурнага вопыту, падтрымліваў унутрыгрупавое згуртаванне. У ролі звычаяў выступалі вытворчыя адносіны, грамадскія святы, рэлігійныя абрады і г.д. З узнікненнем дзяржавы і права шэраг звычаяў, санкцыянаваных уладамі, уключаны ў сістэму прававых нормаў т.зв. звычаёвага права. З пашырэннем сувязей паміж рознымі культурамі, вызваленнем грамадскай і разумовай дзейнасці ад царкоўнага ўплыву роля звычаяў стала зніжацца. Дынамізм сучаснага сацыяльнага жыцця, развіццё прамысловасці і сродкаў масавай камунікацыі ўзмацняюць гэты працэс, на першы план у якасці рэгулятара грамадскай дзейнасці вылучаюць сацыяльныя інстытуты. Звычай захоўваецца ў найбольш «чыстым» выглядзе ў сферы побыту, маралі (норавы), царкоўнай і грамадзянскай абраднасці.

Паведаміць пра недакладнасьць