Імунітэт (ад лац. immunitas (immunitatis) - вызваленне ад чаго-небудзь), неўспрымальнасць арганізма да ўзбуджальнікаў хвароб або пэўных ядавітых рэчываў. Бывае прыроджаны імунітэт, абумоўлены ўнаследаванымі асаблівасцямі арганізма, і набыты, што ўзнікае пасля перанесенага захворвання або ўвядзення вакцыны.

Пад паняццем імунітэту ў феадальным праве Заходняй Эўропы разумелася сукупнасць правоў феадала ажыццяўляць у сваіх уладаннях некаторыя дзяржаўныя функцыі (суд, збор падаткаў і інш.) без умяшання цэнтральнай улады, а таксама вызваленне асобных груп насельніцтва і пэўных катэгорый зямель. У сучаснай юрыспрудэнцыі імунітэт - выключнае права, якое нададзена асобам, што займаюць асаблівае становішча ў дзяржаве, не падпарадкоўвацца некаторым агульным законам (імунітэт дэпутата - недатыкальнасць асобы сябра заканадаўчага органа: дэпутат не можа быць арыштаваны або прыцягнуты да судовай адказнасці без згоды заканадаўчага органа; дыпламатычны імунітэт - сукупнасць правоў і прывілеяў, якія надаюцца дыпламатычным прадстаўнікам замежных дзяржаў).

Паведаміць пра недакладнасьць