Інвестыцыі (ням. Investition ад лац. investire - абкладаць), доўгатэрміновыя ўкладанні капіталу найперш у матэрыяльную вытворчасць з мэтай атрымання прыбытку ці сацыяльнага эфекту. Капіталаўкладанні могуць быць у выглядзе сродкаў дзяржаўнага бюджэту, фінансавых рэсурсаў банкаў, прыбытку прадпрыемстваў (фірмаў), зберажэнняў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў, замежнага капіталу. Для гэтага ствараюцца спецыяльныя інвестыцыйныя фонды - акцыянерныя таварыствы, якія шляхам выпуску і продажу акцый канцэнтруюць грашовыя сродкі, якія потым ад свайго імя накіроўваюць у якасці інвестыцый у пэўныя сферы эканомікі. Да інвестыцыйных фондаў адносяцца і акцыянерныя таварыствы, якія засяроджваюць прыватызацыйныя чэкі шляхам абмену іх на акцыі ўласнай эмісіі для ўдзелу ў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Вялікія аб'ёмы інвестыцый - паказчык дзелавой актыўнасці, аснова эканамічнага росту і сацыяльнага развіцця краіны. Практыка накіравання інвестыцый у эканоміку замежных краін называецца вывазам капіталу.

Паведаміць пра недакладнасьць