Кааперацыя (ад лац. cooperatio - супрацоўніцтва), сукупнасць арганізацыйна аформленых аб'яднанняў грамадзян, якія вядуць гаспадарчую і іншую дзейнасць. Узнікла ў выніку руху за стварэнне альтэрнатыўнага капіталізму спосабу арганізацыі эканамічнага жыцця шляхам аб'яднання груп людзей у агульную гаспадарку. Першыя кааператыўныя асацыяцыі арцельнага тыпу ўзніклі самаадвольна ў канцы 18 ст. ў Англіі сярод рабочых мукамольнай і хлебапякарнай вытворчасці. Кааператыўны рух сучаснага тыпу зарадзіўся таксама ў Англіі ў 1820-я гады. Яго ідэйным натхняльнікам і тэарэтыкам стаў Р.Оўэн. Аналізуючы прычыны беднасці і шукаючы сродкі яе ліквідацыі, ён прыйшоў да высновы пра магчымасць мірнага, добраахвотнага пераўтварэння існуючага ладу і вызваленне ўсіх саслоўяў. У процівагу прыватнай уласнасці ён развіў ідэю аб дэцэнтралізаваных супольніцтвах, якія звязаны тавараабменам і служаць агульнаму дабру. Ідэі Оўэна былі развіты ў дзейнасці так званых Рачдэйльскіх піянераў - групы ткачоў, якія ў 1844 аб'ядналіся ў спажывецкі кааператыў на прынцыпах, сфармуляваных іх кіраўніком і духоўным настаўнікам Ч.Гавартсам (1814-1868): тавары прадаваліся не па аптовых, а па рыначных цэнах, частка прыбытку пароўну дзялілася паміж пайшчыкамі, а частка ішла на стварэнне сацыяльнага фонду таварыства. Далейшае развіццё кааперацыі ў Эўропе пайшло па двух кірунках - вытворчым і спажывецкім. Поспехі спажывецкай кааперацыі былі відавочныя, а вытворчая кааперацыя не апраўдала надзей сваіх ідэолагаў. Сельскагаспадарчыя камуны - найбольш закончаная форма вытворчай кааперацыі - былі або недаўгавечныя, або малаэфектыўныя. Гэта асабліва характэрна для камун, арганізаваных прымусовым шляхам.

На пачатку 20 ст. розныя мадыфікацыі і канцэпцыі кааператыўнага сацыялізму распрацоўвалі ў Францыі, Ірландыі, ЗША, Германіі, Расеі. Тэарэтыкі кааператыўнага руху зыходзілі з меркавання, што кааперацыя - гэта сродак ліквідацыі супярэчнасцей паміж эканамічна эфектыўнай капіталістычнай формай вытворчасці і недасканаласцю размеркавання. На сучасным этапе кааператыўны рух найбольш пашыраны ў Эўропе (Швецыя, Аўстрыя, Фінляндыя, Данія, Нарвегія). Сацыял-дэмакратычныя партыі разглядаюць развіццё кааперацыі як адзін з стратэгічных і найбольш бязбольны спосаб рэфармавання капіталістычнага грамадства і вырашэння класавых канфліктаў. Шмат кааператыўных гаспадарак існуе ў Італіі, Галандыі, Канадзе і інш. У шэрагу краін дзейнічаюць кааператыўныя партыі. Міжнародны кааператыўны альянс (створаны ў 1895 г.) аб'ядноўвае 500 млн. чалавек з 72 краін свету (1986). Тым не менш сёння кааператыўны рух на Захадзе перажывае крызіс, бо кааператывы, створаныя як форма сацыяльнай абароны слабых грамадскіх груп, паступова трацяць сваё значэнне з прычыны агульнага павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Іншая справа ў Беларусі і іншых краінах былога СССР, дзе адной з асноўных праблем сучасных кааператываў з'яўляецца захаванне раўнавагі паміж кааператыўнымі ідэаламі і камерцыйным бокам справы. Тут большасць кааператываў - дробныя і сярэднія прадпрыемствы, якім часта не хапае вопыту і капіталаў для вырашэння эканамічных праблем. Цяжкасці адчуваюць не толькі вытворчыя, але і спажывецкія кааператывы.

Паведаміць пра недакладнасьць