Лібералізм (ад лац. liberalis - свабодны), лад мыслення і дзейнасці, што характарызуецца незалежнасцю ў адносінах да традыцый, догмаў, схільнасцю да актыўнага самавызначэння ў свеце; ідэйна-палітычнае вучэнне, палітычныя і эканамічныя праграмы, мэта якіх - ліквідаванне ці змякчэнне дзяржаўнага і грамадскага прымусу ў адносінах да асобы. Ідэі лібералізму ідуць ад эпохі буржуазных рэвалюцый 17-18 ст., калі былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы буржуазнага грамадства. Выступіўшы з крытыкай феадальных эканамічных парадкаў, прадстаўнікі ангельскай класічнай палітэканоміі абгрунтавалі і заклік «Не перашкаджайце дзейнічаць!», які патрабаваў пазбаўлення ад кругавой рэгламентацыі і абмежавання знешняга гандлю, поўнага разняволення прыватнай ініцыятывы, вызвалення прадпрымальніцтва ад апекі дзяржавы.

Светапоглядныя ўстаноўкі лібералаў прапаведуюць свабоду ад групавых, класавых і нацыяналістычных перакананняў, памяркоўнасць, гуманізм, дэмакратызм, безумоўную каштоўнасць асобы. У палітычным плане лібералізм настойвае на прыярытэце правоў чалавека, раздзяленні заканадаўчай і выканаўчай улады, свабодзе выбару заняткаў і канкурэнцыі. Пры гэтым асабліва вылучаецца непарыўная сувязь свабоды індывіда і яго сацыяльнай адказнасці. Найноўшыя версіі лібералізму характарызуюцца рацыяналізмам, індывідуалізмам, паслядоўнай абаронай правоў і свабод асобы, імкненнем даць ідэалагічнае абгрунтаванне дэмакратыі, антыфашысцкімі і антыкамуністычнымі памкненнямі.

У сучасным свеце відавочна паслабленне ідэйных і палітычных пазіцый лібералізму. У краінах Заходняй Эўропы з ліберальнымі партыямі паспяхова сапернічаюць сацыял-дэмакраты і кансерватары. У ЗША лібералізм эвалюцыянаваў у напрамку сацыял-рэфармізму і працягвае ўплываць на жыццё амерыканскага грамадства. У краінах былога сацыялістычнага лагера ліберальныя ідэі набылі прыкметнае пашырэнне, але іх рэалізацыя адбываецца з улікам традыцыйных гістарычных і культурных каштоўнасцей народаў гэтых краін.

Паведаміць пра недакладнасьць