Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Любоў (каханне, любасць), пачуццё, якое адпавядае адносінам агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, заснаваным на іх узаемнай зацікаўленасці і схільнасці. Праявы любві могуць быць розныя: пачуццё ўзаемнай сімпатыі і дружбы паміж людзьмі (у шырокім сэнсе - узаемаадносіны паміж людзьмі, заснаваныя на агульнасці імкненняў і інтарэсаў); палавая цяга, якая параджае каханне, нарэшце, станоўчыя адносіны да аб'екта пазнання і практычнай дзейнасці (любоў да прыроды, ісціны, да жыцця і г.д.). У самым абагульненым, абстрактным сэнсе любоў у этыцы і філасофіі разумеецца як такія адносіны паміж людзьмі, калі адзін чалавек разглядае другога як блізкага самому сабе і пэўным чынам атаясамлівае сябе з ім: адчувае патрэбнасць да аб'яднання і збліжэння; атаясамлівае з ім свае ўласныя інтарэсы і памкненні; добраахвотна фізічна і духоўна аддае сябе іншаму і імкнецца ўзаемна валодаць ім. Катэгорыя любві адыгрывала важную ролю ў гісторыі маральных вучэнняў, этыкі і нават філасофіі. У старажытнагрэчаскай філасофіі любоў напачатку разглядалася як «эрас» - касмічная сіла, падобная на сілу прыцягнення. Вучэнне пра любоў грэкі разглядалі як энергію сусвету, якая будуе, згуртоўвае, рухае. Нават Арыстоцель бачыў у руху нябесных сфер праяву нейкай сусветнай любві да духоўнага прынцыпу руху - рухальнай першапрычыны. Платон жа прадметам любві лічыў абсалютнае дабро і абсалютную прыгажосць. Ён разглядаў любоў як чыста духоўнае паняцце, не звязанае з пачуццём (адсюль выраз «платанічная любоў»). У хрысціянскай рэлігіі любоў трактуецца як сутнасць Бога і адначасова галоўны запавет чалавеку: «Палюбі бліжняга, як самога сябе». У эпоху Рэнесансу ўзнаўляецца цікавасць да платонаўскай тэорыі любві і геданістычнага самазадавальнення (радасная натуральнасць пачуцця кахання). У паўсядзённым жыцці любоў трактуецца як каханне - інтэнсіўнае, напружанае і адносна ўстойлівае пачуццё, фізіялагічна абумоўленае сексуальнымі патрэбамі. Любоў абавязкова ўключае парыў і волю да пастаянства, якія афармляюцца ў этычныя патрабаванні вернасці. Любоў узнікае як самая свабодная і «непрадказальная» выява сутнасці асобы. Яе нельга прымусова выклікаць або пераадолець. Важнасць і складанасць з'явы любві вызначаецца тым, што ў ёй, як у фокусе, перакрыжоўваюцца супрацьлегласці біялагічнага і духоўнага, асабістага і сацыяльнага, інтымнага і агульназначнага.

Чалавек і грамадства. Даведнік   Чалавек і грамадства. Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019