Нацыяналізацыя (франц., англ. nationalisation ад. лац. natio - племя, народ), палітыка і практыка пераўтварэння прыватнай уласнасці на зямлю і на больш або менш значную частку нацыянальнай гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт і сувязь і г.д.) ва ўласнасць дзяржавы. У 20 ст. нацыяналізацыя праводзілася ў розных краінах свету па-рознаму. У Расеі пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 яна ахапіла ўсю зямлю і амаль ўсю народную гаспадарку. Падобным чынам яна праведзена ў 1940-1950-я г. ў шэрагу іншых сацыялістычных краін. Патрабаванне нацыяналізацыі ў пэўным выглядзе змяшчалася ў праграмах многіх партый несацыялістычных краін, найперш у партыях сацыялістычнай і камуністычнай арыентацыі. Дастаткова энергічна праводзілася нацыяналізацыя ўрадамі сацыялістаў у Францыі, лейбарыстаў у Вялікабрытаніі і інш. Практыка, аднак, паказала, што сама па сабе нацыяналізацыя не заўсёды і не ўсюды дае неабходны эфект. Таму нярэдка адбываліся і працэсы дэнацыяналізацыі. У апошнія гады, у т.л. ў Беларусі, усё больш усталёўваецца думка аб перавагах змешанай эканомікі, якая спалучае дзяржаўную і прыватную ўласнасць. Праяўленнем гэтага працэсу з'яўляецца прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, банкаў і інш. Часам паняцце «нацыяналізацыя» выкарыстоўваецца і ў зусім іншым этнічным сэнсе - як працэс надання нацыянальнай, этнічнай формы якой-небудзь з'яве (напр., павелічэнне ў дзяржаўным апараце прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці).

Паведаміць пра недакладнасьць