Паклёп, распаўсюджванне заведама хлуслівай інфармацыі, якая ганьбіць асобнага чалавека, групу людзей ці грамадскую супольнасць. Паклёп існаваў ва ўсе часы і будзе існаваць, пакуль на зямлі існуе зло. Ён заснаваны на такіх адмоўных якасцях чалавека, як эгаізм, зайздрасць, подласць, і выкарыстоўваецца для дасягнення мэты на бытавым, грамадскім, дзяржаўным узроўнях, часам у адносінах паміж дзяржавамі. На бытавым узроўні ён найчасцей грунтуецца на канфліктах і выкарыстоўваецца, каб адпомсціць за крыўду або проста зняважыць прыстойнага чалавека, каб сапсаваць яму настрой. У працоўных калектывах яго выкарыстоўваюць, каб зняважыць ці дыскрэдытаваць поспехі калегі-канкурэнта. Паклёп выкарыстоўваюць у ліку сродкаў палітычнай барацьбы паміж партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, рухамі. Найбольш непрыстойную і вульгарную форму ён набывае ў час перадвыбарных кампаній для дыскрэдытацыі канкурэнтаў, сапернікаў. Паклёп прычыняе вялікую шкоду не толькі асобным людзям, але і ўсяму грамадству.

Паведаміць пра недакладнасьць