Парламентарызм, сістэма арганізацыі функцыянавання вярхоўнай дзяржаўнай улады, якая характарызуецца раздзяленнем заканадаўчых і выканаўчых функцый пры прывілеяваным становішчы парламента. Цэнтральная ідэя, закладзеная ў такой структуры кіравання, - раздзяленне і ўзаемадзеянне выканаўчай, заканадаўчай і судовай улад, якія ствараюць сістэму «стрымлівання» і «проціваг». Ураўнаважанне кожнай з галін улады іншымі служыць стрымліванню памкненняў да тыраніі. Пры такой сістэме ўрад, як правіла, ствараецца парламентам з ліку сябраў партыі, якая мае большасць у заканадаўчым органе краіны і адказная перад ім. Патрабаванне вяршэнства прадстаўнічых органаў дзяржавы вынікае з прынцыпу народнага суверэнітэту як асновы ўсёй улады. Менавіта суверэнітэт народа з'яўляецца крыніцай дзяржаўнага суверэнітэту (унутранага і знешняга), які спалучае ў сабе вяршэнства дзяржаўнай улады і панаванне права. Выключная ўлада дзяржавы пашыраецца на ўсю тэрыторыю і ўсё насельніцтва. Аднак гэта не пазбаўляе народ яго неадчужальнага права вызначаць і змяняць формы і змест свайго дзяржаўна-прававога жыцця. У такім сэнсе дзяржава выступае як суверэнная форма арганізацыі і ажыццяўлення публічнай палітычнай улады. Парламент як найвышэйшы прадстаўнічы заканадаўчы орган будуецца цалкам або галоўным чынам на аснове выбараў, складаецца з адной або двух палат. У Англіі гэты орган называецца парламентам, у ЗША - кангрэсам, у Швецыі - рыксдагам, у Нарвегіі - сторцінгам і г.д. Ролю парламента ў Беларусі выконвае двухпалатны Нацыянальны сход, функцыі якога вызначаны канстытуцыяй і адпаведным ёй заканадаўствам.

Паведаміць пра недакладнасьць