Партыя палітычная, арганізацыя, якая выяўляе інтарэсы пэўных груповак, слаёў або класаў грамадства. Яна мае ўсталяваную арганізацыйную структуру, ідэалогію, палітычную платформу (праграму), склад сябраў. Спробы стварыць палітычныя групоўкі прадпрымаліся яшчэ ў старажытнасці, але гэта былі часовыя фракцыі ці групы людзей, якія аб'ядноўваліся вакол палітычных лідэраў. Палітычныя партыі ў сучасным разуменні склаліся ў 19 ст. ў выніку станаўлення і развіцця капіталістычнай сістэмы. Першыя буржуазныя партыі (фракцыі ангельскага парламента - вігі і торы, амерыканскія партыйныя групоўкі федэралістаў і антыфедэралістаў і інш.) з моманту стварэння і да цяперашняга яго часу знаходзяцца ў пастаянным развіцці. На ранніх этапах развіцця капіталізму дзяржава не ўмешвалася ў дзейнасць партый. З паглыбленнем сацыяльных супярэчнасцей і прыцягненнем у палітыку ўсё больш шырокіх мас людзей роля партый узрасла, яны пачалі актыўна змагацца за дзяржаўную ўладу. У Расеі ў канцы 19 - пачатку 20 ст. існавала каля 50 буйных палітычных партый.

У Беларусі ў канцы 19 - пачатку 20 ст. таксама існавала шмат партый розных кірункаў, у тым ліку Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыялістычная грамада, Бунд і інш. У СССР адзінай кіраўнічай партыяй стала КПСС, у БССР - як састаўная частка КПСС. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Беларусі (1990) сталі ўтварацца новыя палітычныя партыі: Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Аграрная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Ліберальна-дэмакратычная партыя, партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў Беларусі, Славянскі сабор «Белая Русь» і інш. Дзейнасць палітычных партый у Беларусі рэгулюе адпаведны закон, прыняты 05.10.1994.

Паведаміць пра недакладнасьць