Патрыятызм (ад грэч. patris - айчына, радзіма), шырокае і глыбокае пачуццё любові да сваёй Радзімы, да сваёй Айчыны, гатоўнасць падпарадкаваць свае асабістыя і групавыя інтарэсы агульным інтарэсам краіны, верна служыць ёй і абараняць яе. Праблемы патрыятызму набываюць асобую актуальнасць, тэарэтычную і практычна-палітычную значнасць у перыяды фармавання і станаўлення нацый, стварэння новых дзяржаў, развіцця нацыянальных і асабліва нацыянальна-вызваленчых рухаў, войнаў і г.д. Сёння яны абвастраюцца ў сувязі з інтэрнацыяналізацыяй, міждзяржаўнай, рэгіянальнай і планетарнай інтэграцыяй, глабалізацыяй, спробамі паставіць пад сумненне ролю і значэнне дзяржаўнага і нацыянальнага суверэнітэтаў. Сапраўдны патрыятызм недапушчальна проціпастаўляць інтэрнацыяналізму і касмапалітызму. Патрыятызм, заснаваны на проціпастаўленні свайго народа, сваёй краіны іншым краінам і народам, не з'яўляецца сапраўдным і канструктыўным. Такі патрыятызм часта перарастае ў шавінізм. Інтэрнацыяналізм і касмапалітызм, якія грунтуюцца на нацыянальным і нацыянальна-дзяржаўным нігілізме, на адмаўленні ад дакладнага ўліку і гарманічнага спалучэння нацыянальных і нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў і каштоўнасцей, не набліжаюць, а аддаляюць ад сцвярджэння сапраўды інтэрнацыянальных і агульначалавечых інтарэсаў і каштоўнасцей, іх прыярытэту. Правільна адзначаў у свой час М.Г.Чарнышэўскі: той, хто не належыць сваёй Айчыне, не належыць і чалавецтву. Іншая справа, што ў сучасных умовах інтэрнацыяналізацыі, інтэграцыі і глабалізацыі ў свеце патрыятызм павінен напаўняцца і новым канкрэтна-гістарычным зместам, які спрыяе, а не перашкаджае грамадскаму прагрэсу.

Паведаміць пра недакладнасьць