Пацыфізм (ад лац. pacificus - міратворчы). На працягу ўсёй гісторыі чалавецтву спадарожнічалі войны, якія прыносілі яму незлічоныя страты і бяду. Пацыфізм - гэта антываенны рух, удзельнікі якога галоўным сродкам прадухілення войнаў лічаць асуджэнне іх амаральнага характару. Пацыфісты вераць у магчымасць прадухілення войнаў шляхам пераканання і мірных маніфестацый, без змены сацыяльна-эканамічных і палітычных умоў, што спараджаюць войны. У сферу свайго ўплыву пацыфізм прыцягнуў даволі шырокія дэмакратычныя колы. Першыя пацыфісцкія арганізацыі ўзніклі ў Вялікабрытаніі і ЗША пасля напалеонаўскіх войнаў. У канцы 19 ст. пацыфісцкі рух значна пашырыўся. Міжнародныя кангрэсы пацыфістаў неаднаразова выступалі з прапановамі забараніць войны наогул, па якой бы прычыне яны ні ўзнікалі, ажыццявіць усеагульнае раззбраенне, а спрэчкі, што ўзнікаюць паміж дзяржавамі, вырашаць у міжнародных трацейскіх судах. Пасля другой сусветнай вайны, калі над светам навісла рэальная пагроза страшэннай, разбуральнай вайны з выкарыстаннем атамнай зброі, нарадзіўся і арганізацыйна аформіўся новы масавы рух прыхільнікаў міру, які ставіць задачу пошукаў новых формаў і метадаў уздзеяння на ўрады з мэтай захавання міру. Да гэтага руху далучылася і частка пацыфістаў.

Паведаміць пра недакладнасьць