Планаванне. Распрацоўка планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця, а таксама комплексу практычных мер па іх рэалізацыі. На мікраэканамічным узроўні выступае як унутрывытворчае (унутрыфірменнае) планаванне. На макраэканамічным узроўні - важны элемент сістэмы кіравання грамадствам і сродак ажыццяўлення сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы. Ахоплівае ўласна распрацоўку плана, арганізацыю і кантроль за яго выкананнем. Адрозніваюць дырэктыўнае і індыкатыўнае планаванне. У першым выпадку гэта абавязковае, цэнтралізаванае звяно дзяржаўнага кіраўніцтва народнай гаспадаркай; у другім - адзін з элементаў дзяржаўнага рэгулявання і стымулявання эканомікі на аснове комплексных агульнагаспадарчых праграм, якія вызначаюць агульныя арыенціры ўздзеяння дзяржавы на эканоміку (пераважна праз фінансавую і крэдытна-грашовую палітыку) і маюць рэкамендацыйны характар. Гістарычны вопыт дырэктыўнага цэнтралізаванага планавання (пяцігодкі ў СССР, у т.л. Беларусі, і ў іншых сацыялістычных краінах) паказаў, што сістэма заказаў, разнарадак, фандавання рэсурсаў і інш. абмяжоўвае самастойнасць, ініцыятыву і стымулы вытворцаў, вядзе да дыспрапорцый у народнай гаспадарцы.

Паведаміць пра недакладнасьць