Попыт у эканоміцы. Гэтую сферу лічаць душой і рухавіком эканомікі, бо яна разам з прапановай папярэднічае любому акту куплі-продажу, уплывае на аб'ём здзелак і ўзровень цэн на рынку. Павышаны попыт можа стымуляваць рост вытворчасці або справацыраваць рост цэн; змяншэнне попыту можа выклікаць структурныя змены ў эканоміцы або крызіс перавытворчасці. Попыт - гэта плацежаздольная патрэба пакупнікоў у дадзеным тавары пры дадзенай цане. Інакш кажучы, попыт - толькі тая патрэба, якая забяспечана наяўнасцю плацежных сродкаў (грошай). Гэта абумоўлівае аб'ём магчымай куплі тавараў пры наяўнай цане на іх. Але попыт - гэта толькі патэнцыяльная здзелка, бо патрэбны адпаведныя захады, каб ператварыць яго ў куплю, тым самым задаволіць попыт спажыўцоў, а прадпрымальнікам забяспечыць даходы.

Эканамічнай навукай сфармуляваны закон попыту, які выражае адваротную залежнасць паміж цаной і колькасцю купленых тавараў (чым ніжэй цэны - тым большы попыт і наадварот) і паступовае змяншэнне попыту на пэўны тавар і паслугу (кожная новая купля аднаго і таго ж тавару прыносіць спажыўцу параўнальна меншую карысць, выгаду і задавальненне). Пры гэтым улічваюць «эфект даходу» (пры больш нізкай цане спажывец можа на тыя ж сродкі купіць больш дадзенага тавару, не адмаўляючы сабе ў набыцці альтэрнатыўных тавараў, і тым самым фактычна павялічваць свае даходы) і «эфект замяшчэння» (з масы аналагічных патрэбных тавараў спажывец выбірае больш танныя, тым самым замяшчае дарагія і, зноў жа, забяспечвае дадатковы эфект даходу). На велічыню попыту ўплываюць таксама густ і перавага спажыўцоў, колькасць спажыўцоў на рынку, іх грашовыя даходы, цэны на аналагічныя тавары, гарантыйны і паслягарантыйны сэрвіс тавараў, прагноз узроўню цэн і даходаў. Пры моцнай рэакцыі пакупнікоў на змену цаны попыт называюць эластычным (на кожны працэнт зніжэння цаны велічыня попыту павялічваецца больш як на 1%). Слабая рэакцыя пакупнікоў на змену цаны тавара абазначае, што попыт неэластычны (на кожны працэнт зніжэння цаны колькасць купленых тавараў павялічваецца менш як на 1%). Інфляцыя і рост цэн выклікаюць імклівы рост попыту (ажыятаж) на тавары і паслугі. Веданне рэальнага попыту - компас для таваравытворцы: якія тавары (паслугі) пастаўляць на рынак, як і колькі іх вырабляць, каму і дзе прадаваць. Вырашэнню гэтай праблемы спрыяе маркетынг.

Паведаміць пра недакладнасьць