Псіхааналіз (ад грэч. psyche - душа + analysis - раскладанне). Гэта вучэнне ідзе ад таго, што жыццёвыя хваляванні, душэўныя траўмы, стрэсавы стан, нерэалізаваныя жаданні не знікаюць бясследна з псіхікі, а толькі выцясняюцца ў падсвядомасць і там працягваюць актыўна ўздзейнічаць на псіхічнае жыццё чалавека. Асноўныя прынцыпы псіхааналізу распрацавалі аўстрыйскі вучоны З.Фройд і яго паслядоўнікі Ф.Адлер, К.Хорні, Г.Саліван і інш. На раннім этапе даследаванняў па псіхааналізе за яго аснову бралі вучэнне пра розныя формы і праявы псіхічнай энергіі з акцэнтам на сексуальныя схільнасці, здольныя ў выніку складаных трансфармацый уплываць на псіхічнае здароўе чалавека (прынцып «лібіда»). Гэты прынцып разглядаўся як дамінуючы матыў чалавечых паводзін. Надаючы псіхааналізу ўніверсальны характар, Фройд і яго паслядоўнікі спрабавалі перанесці яго метады і на гісторыю грамадства, тлумачачы яго з'явы як праяву «комплексаў» не толькі пэўнай асобы, але і ў цэлых народаў. У выніку гэтага псіхааналіз з канкрэтнай тэорыі і метаду псіхатэрапіі ператварыўся ў філасофска-антрапалагічнае вучэнне ірацыяналістычнага сэнсу. З пераацэнкі ролі лібіда ў фармаванні псіхікі чалавека, абсалютызацыі антаганізму свядомага і бессвядомага вынікае тэндэнцыя да біялагізаванага і натуралістычнага разумення чалавека і грамадскіх адносін людзей. Шэраг распрацаваных гэтымі вучонымі паняццяў і лячэбных методык адыгралі важную ролю ў развіцці сучасных уяўленняў пра чалавечую псіхіку. Псіхааналітычная практыка выпрацавала метады лячэння душэўных хвароб. Псіхааналіз - гэта псіхалагічнае вучэнне і метад даследавання бессвядомых псіхічных працэсаў, выяўленне схаваных схільнасцей з мэтай лячэння розных нервовых расстройстваў і душэўных захворванняў.

Паведаміць пра недакладнасьць