Раздзяленне ўлад. Ідэю пра падзел улад выказвалі яшчэ антычныя і сярэднявечныя вучоныя (Арыстоцель, Марсілій Падуанскі і інш.). У якасці самастойнага вучэння ў сярэдзіне 18 ст. яе сфармуляваў Ш.Мантэск'ё ў трактаце «Пра дух законаў». На яго думку, гарантыя палітычных свабод дасягаецца выключна адпаведнай арганізацыяй улады. У дзяржаве ён бачыў тры ўлады: заканадаўчую, выканаўчую і судовую, якія ў інтарэсах забеспячэння свабоды павінны быць адасоблены адна ад адной. Кожная з гэтых улад павінна функцыянаваць так, каб, выконваючы сваю спецыяльную справу, кантраляваць і ўраўнаважваць іншыя ўлады. Такім чынам, раздзяленне ўлад - гэта палітыка-прававая дактрына, паводле якой дзяржаўная ўлада разумеецца не як адзінае цэлае, а як сукупнасць розных уладных функцый, якія ажыццяўляюцца незалежнымі адзін ад аднаго дзяржаўнымі органамі. Гэта дактрына, звязаная з тэорыямі натуральнага права, гістарычна адыграла прагрэсіўную ролю ў барацьбе буржуазіі з абсалютызмам і самавольствам каралеўскай улады. Пазней гэты прынцып быў абвешчаны адным з асноўных прынцыпаў буржуазнага канстытуцыяналізму. Марксісцка-ленінская тэорыя адхіляла дактрыну раздзялення ўлад. Канстытуцыя Беларусі, якая абвясціла краіну прававой дзяржавай, замацавала і прынцып раздзялення ўлад.

Паведаміць пра недакладнасьць