Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), міждзяржаўнае аб'яднанне, створанае Беларуссю, Расеяй і Ўкраінай. У Пагадненні аб стварэнні СНД, падпісаным 08.12.1991 у Менску, гэтыя дзяржавы канстатавалі, што СССР ва ўмовах глыбокага крызісу і распаду спыняе сваё існаванне, заявілі пра імкненне развіваць супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай, культурнай і іншых галінах. 21.12.1991 да Пагаднення далучыліся Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кіргізія, Малдова, Таджыкістан, Туркменія, Узбекістан, якія падпісалі сумесна з Беларуссю, Расеяй і Ўкраінай у г.Алматы Дэкларацыю аб мэтах і прынцыпах СНД. У 1993 прыняты Статут СНД, які прадугледжвае сферы сумеснай дзейнасці дзяржаў: забеспячэнне правоў і свабод чалавека, каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці, аховы здароўя насельніцтва і навакольнага асяроддзя, пытанні сацыяльнай і іміграцыйнай палітыкі, барацьба з арганізаванай злачыннасцю, супрацоўніцтва ў фармаванні агульнай эканамічнай прасторы, развіцці сістэм транспарту і сувязі, абароннай палітыцы і ахове знешніх граніц.

Побач з правадзейнымі сябрамі ў СНД могуць быць асацыіраваныя сябры, якія ўдзельнічаюць у асобных відах дзейнасці СНД. Некаторыя дзяржавы прадстаўлены на пасяджэннях кіраўнікоў СНД як назіральнікі. Створаны органы СНД: Савет кіраўнікоў дзяржаў, Савет кіраўнікоў урадаў, Савет міністраў замежных спраў, Міждзяржаўны эканамічны савет, Міжпарламенцкая асамблея з цэнтрам у г.Санкт-Пецярбург і інш. Пастаянна дзеючы орган СНД - Каардынацыйна-кансультатыўны камітэт у Менску.

Паведаміць пра недакладнасьць