Саслоўе, сацыяльная група, якая валодае пэўнымі правамі і абавязкамі, перададзенымі ў спадчыну і замацаванымі звычаем або законам. Саслоўі пачалі фармавацца ў працэсе прававога замацавання маёмаснай няроўнасці, а таксама падзелу грамадскіх функцый (рэлігійных, ваенных, прафесійных) розных груп насельніцтва. У выніку ў кожнай такой групе складваліся асаблівыя ўклад жыцця і мараль. Саслоўны падзел грамадства звязаны з класавым падзелам, але не супадаў з ім. Колькасць саслоўяў, ступень іх адасобленасці і замкнёнасці вельмі адрозніваліся ў розны час, у розных народаў і ў розных краінах. Прынцып атрымання саслоўнай прыналежнасці ў спадчыну таксама захоўваўся ў рознай ступені. Ён быў уласцівы нязменным індыйскім кастам. У сярэднявечных дзяржавах Заходняй Эўропы і ў Вялікім Княстве Літоўскім магчымасць увайсці ў прывілеяванае саслоўе даваў манарх. Выключэннем з правіл атрымання ў спадчыну саслоўнай прыналежнасці з'яўлялася хрысціянскае духавенства, якое прыцягвала да сябе здольных людзей, не прымаючы пад увагу іх саслоўную прыналежнасць і матэрыяльнае становішча. Класічны прыклад саслоўнай арганізацыі ўяўляе Францыя, дзе ў 14-15 ст. усё насельніцтва падзялялася на тры групы: духавенства, дваранства і так званае «трэцяе саслоўе». Першыя 2 групы належалі да класа феадалаў і мелі шматлікія прывілеі, у тым ліку вызваленне ад падаткаў і перавагу пры атрыманні дзяржаўных пасад. У трэцяе саслоўе, якое абкладвалася падаткамі, уваходзілі ўсе астатнія класы і групы насельніцтва, у тым ліку і буржуазія, якая назапасіла вялікія багацці, але заставалася непаўнапраўная. Саслоўны лад у Францыі ліквідаваны ў выніку Вялікай французскай рэвалюцыі 1789-1799. У Расейскай імперыі да сярэдзіны 18 ст. зацвердзіўся падзел грамадства на 5 саслоўяў: дваранства, духавенства, купецтва, сяляне і мяшчане.

У Беларусі саслоўны падзел пачаў фармавацца ў 10-11 ст. і завяршыўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Да 16 ст. склаліся 4 асноўныя саслоўі: духавенства, шляхта, мяшчане і сяляне. Найбольш прывілеяваным пануючым саслоўем была шляхта, эканамічнай асновай якой з'яўлялася феадальная ўласнасць на зямлю. Узаемаадносіны паміж рознымі яе слаямі грунтаваліся на прынцыпах феадальнай іерархіі, што абумовіла эканамічную і палітычную залежнасць малазаможнай шляхты ад магнатаў (паноў). Пасля далучэння Беларусі да Расейскай імперыі частка шляхты атрымала правы дваранства, астатнія былі пераведзены ў падаткавае саслоўе. Саслоўі ў Расейскай імперыі былі скасаваны ў 1917 г.

Паведаміць пра недакладнасьць