Сацыяльная псіхалогія, навука аб псіхалагічных прычынах, механізмах і заканамернасцях паводзін і дзейнасці людзей у сацыяльных групах і суполках, аб псіхалагічных асаблівасцях гэтых груп. Цэнтральнымі элементамі гэтай навуковай дысцыпліны з'яўляюцца асоба («сацыяльны індывід») і сацыяльна-псіхалагічныя механізмы яе фармавання (сацыялізацыі), развіццё самасвядомасці, інтарэсаў, патрэбнасцей, каштоўнасных арыентацый і ўстановак. Важным кірункам даследаванняў з'яўляецца сацыяльная псіхалогія малых груп (сям'я, працоўны калектыў, спартыўная каманда і інш.), дзе вывучаюцца групавыя працэсы, праблемы лідэрства, канфармізму і інш. Аб'ектамі вывучэння сацыяльнай псіхалогіі з'яўляюцца і вялікія групы (сацыяльныя пласты, класы, нацыі), а таксама сацыяльныя інстытуты, арганізаваныя супольнасці людзей (палітычныя рухі, партыі, рэлігійныя арганізацыі і г.д.). Вывучаюцца таксама псіхалогія шырокіх народных мас і масавых рухаў (у абарону міру, навакольнага асяроддзя і інш.), праявы масавых стыхійных паводзін (натоўп, чуткі, плёткі, стрэсы). У апошні час з'явіліся прыкладныя галіны дадзенай навукі: псіхалогія, рэклама, мода, прапаганда, кіраванне, палітыка і г.д. Першыя спробы распрацоўкі ўласна сацыяльна-псіхалагічных канцэпцый з'явіліся ў другой палове 19 ст.: «псіхалогіі народаў» (М.Лацарус, Г.Штайнталь, В.Вундт), «псіхалогіі мас» (Ш.Сігеле, Г.Лебон), «інстытутаў сацыяльных паводзін» (У.Мак-Дугал).

Паведаміць пра недакладнасьць