Сацыяльны статус. Становішча чалавека ў грамадстве вызначаецца шэрагам важнейшых для дадзенага грамадства прыкмет-паказчыкаў: эканамічных, палітычных, прафесійных, этнічных і інш. Праз іх раскрываюцца адпаведныя сацыяльныя пазіцыі чалавека (сацыяльнай групы) у эканамічнай, палітычнай і іншых сферах грамадства. Абагульняльным паказчыкам становішча чалавека ці сацыяльнай групы ў грамадстве (яго структуры, сістэме сацыяльных сувязей і адносін) з'яўляецца сацыяльны статус. Ён мае аб'ектыўны характар і фармуецца не абстрактна, а ў залежнасці ад тыпу сацыяльнай сістэмы. Сацыяльны статус чалавек не атрымлівае ў спадчыну, а набывае працоўнымі поспехамі, адукацыяй, грамадскімі заслугамі і г.д. Для заваявання асобай высокага сацыяльнага статуса грамадства дае комплекс гарантаваных законам сацыяльных, палітычных і асабістых правоў і свабод (гл. Канстытуцыя, Правы чалавека). Сацыяльны статус чалавека (групы) аб'ектыўна абумоўлены грамадскім становішчам; разам з тым ён залежыць і ад яго асабістых якасцей - здольнасцей, інтэлекту, волі, характару, г.зн. ад шэрагу суб'ектыўных фактараў (гл. Аўтарытэт). Таму вельмі важна ўлічваць асабістае ўспрыманне чалавекам свайго сацыяльнага статуса (поўная задаволенасць ім, пасіўнае ўспрыманне, поўная незадаволенасць).

Паведаміць пра недакладнасьць