Сваяцтва, роднасць, кроўная сувязь паміж людзьмі, з наяўнасцю якой закон звязвае ўзнікненне, змену або спыненне правоў і абавязкаў. Радня - гэта асобы, звязаныя паміж сабой кроўным сваяцтвам па прамой лініі (паходзяць адзін ад аднаго: прадзед, дзед, бацька, сын, унук і г.д.) ці бакавой (ад агульнага продка: родныя браты і сёстры, дзядзькі і цёткі, пляменнікі, дваюрадныя браты і сёстры і г.д.). Блізкімі па сваяцтву лічацца бацькі і дзеці, дзед (бабка) і ўнукі, родныя браты і сёстры. Яны звязаны сямейнымі правамі і абавязкамі, хоць і неаднолькавага аб'ёму, у прыватнасці: аліментнымі, маюць права на спадчыну маёмасных і асабістых правоў адзін пасля аднаго; атрымліваць пенсію ў выпадку страты карміцеля і г.д. Закон забараняе шлюб паміж блізкімі роднымі. Муж і жонка роднымі паміж сабой не лічацца, але маюць узаемныя правы і абавязкі паводле сямейнага і цывільнага права. Не знаходзяцца ў кроўнай роднасці таксама і сваякі (зяць, цешча, свёкар, нявестка і г.д.). Блізкасць сваяцтва вызначаецца ступенню, пад якой разумеецца колькасць нараджэнняў (не лічачы нараджэння продка), што звязваюць двух родных (напрыклад, бацька і сын знаходзяцца ў першай ступені роднасці, браты ў другой і г.д.). Кола асоб, роднасць паміж якімі мае прававое значэнне, у кожнай галіне права вылучаецца асобна.

Паведаміць пра недакладнасьць