Святы і святочныя дні. Святы - гэта сукупнасць звычаяў і абрадаў, якія выяўляюць пэўныя погляды, пачуцці, адносіны людзей да прыроды і паміж сабой. Узніклі яны ў першабытным грамадстве. Характэрная рыса культуры беларусаў - земляробчыя святы, якія на працягу тысячагоддзяў перадаваліся ад аднаго пакалення да другога. Першым веснавым святам было гуканне вясны. Потым святкавалі валачобнае свята, якое пазней трансфармавалася ў Вялікдзень. На пачатку лета спраўлялі «зялёныя святкі» - Сёмуху. Галоўным летнім святам было Купалле (дзень летняга сонцастаяння), з якім звязана багатая купальская міфалогія. У час жніва спраўлялі свята Багач, якое сімвалізавала багацце і дастатак у сям'і. Зімой святкавалі Каляды. З прыняццем хрысціянства да многіх земляробчых прымеркаваны рэлігійныя святы: Раство Хрыстова - да Каляд, Вялікдзень - да валачобнага свята, Тройца - да «зялёных святак», Раство Яна Папярэдніка - да Купалля, Раство Багародзіцы - да Багача і г.д. У выніку перапляліся не толькі даты правядзення гэтых свят, але і іх абрады. У наш час акрамя традыцыйных (пераважна рэлігійных) адзначаюцца працоўныя (Дзень будаўніка, Дзень настаўніка) і грамадзянскія (Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі) святы. Святочныя (нерабочыя) дні, афіцыйна прынятыя ў Беларусі: 1 студзеня - Навагодняе свята, 7 студзеня - Раство Хрыстова (праваслаўнае), 8 сакавіка - Дзень жанчын, 15 сакавіка - Дзень Канстытуцыі, 1 траўня - Дзень працы, 9 траўня - Дзень Перамогі, 3 ліпеня - Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі), 2 лістапада - Дзень памяці (Дзяды), 7 лістапада - Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 25 снежня - Раство Хрыстова (каталіцкае). Святочнымі днямі з'яўляюцца таксама 2 дні каталіцкага і 2 дні праваслаўнага Вялікадня, дзень праваслаўнай Радаўніцы (даты гэтых свят кожны год мяняюцца паводле каталіцкага і праваслаўнага царкоўных календароў).

Паведаміць пра недакладнасьць