Талент. У антычным свеце існавала грашовая адзінка, якая называлася «талант». Свой «талант» быў у шумерыйцаў, эгіпцян, грэкаў. Першапачаткова слова talenton мела значэнне «вагі». З цягам часу стала абазначаць колькасць грошай пэўнай (прычым немалой) вагі. Пазней набыло пераносны сэнс і азначае высокі ўзровень здольнасцей у чалавека. Старажытнагрэчаскі філосаф Платон лічыў, што талент з'яўляецца дарам Бога. Паводле Арыстоцеля, гэта прыродны дар, натуральная здольнасць чалавека паспяхова выконваць якую-небудзь справу. Сінонімамі таленту з'яўляюцца паняцці «дар», «дараванне», «божы дар», «іскра божая», якія адлюстроўваюць розныя ўяўленні аб прыродзе таленту, яго сутнасці. Наяўнасць таленту вызначаецца вынікамі дзейнасці чалавека, якія адрозніваюцца прынцыповай навізной, арыгінальнасцю, высокай дасканаласцю. Пад тэрмінам «талент» маюць на ўвазе высокі ўзровень не толькі здольнасцей увогуле, але і здольнасцей спецыяльных, абумоўленых такімі асаблівасцямі чалавека, дзякуючы якім ствараюцца перадумовы для паспяховага выканання пэўнай дзейнасці (талент музыканта, матэматыка, мастака і інш.). Для іх развіцця неабходны задаткі, напрыклад музычны слых, памяць. Талент як выключная здольнасць да якой-небудзь дзейнасці можа праявіцца ў любым узросце. Аднак для рэалізацыі яго патрэбны моцная воля, настойлівасць, цярпенне і высокая працаздольнасць. Найвышэйшы ўзровень таленту называюць геніяльнасцю.

Паведаміць пра недакладнасьць