Тэрарызм (ад лац. terror - страх, жах). Форма палітычнага насілля, якая вызначаецца асаблівай жорсткасцю. Яго вызначаюць словы «запалохаць», «застрашыць». Тыя, хто выкарыстоўвае тэрор, думаюць, што гэта найбольш эфектыўны сродак у дасягненні пэўных мэт. Гэта і прадвызначыла шырокае выкарыстанне тэрору на працягу чалавечай гісторыі ў якасці сродку палітычнай барацьбы ў інтарэсах пэўнай дзяржавы, арганізацыі ці асобных груповак. Нават сам факт публічнага пакарання смерцю крымінальных або палітычных злачынцаў, у тым ліку працэсы «аўтадафэ» ў перыяд сярэднявечнай інквізіцыі, з'яўляецца пэўнай формай тэрарызму. Пазней у перыяды глыбокіх сацыяльных узрушэнняў грамадства тэрарызм стаў пашыранай формай барацьбы рэвалюцыі і контррэвалюцыі, калі кожны з бакоў імкнуўся да аднаго - ліквідаваць свайго праціўніка.

У сучасных умовах назіраецца эскалацыя тэрарыстычнай дзейнасці экстрэмісцкіх арганізацый, ускладняецца іх характар і спосабы здзяйснення, расце антыгуманнасць тэрарыстычных актаў. Тэрарызм увайшоў і ў палітычнае жыццё краін былога СССР: захоп заложнікаў, угоны самалётаў, акты генацыду ў этнаканфесійных канфліктах, прамыя пагрозы ў ходзе палітычнай барацьбы і інш. Прычыны тэрору найчасцей крыюцца ў крызісных з'явах, няздольнасці грамадства рэгуляваць сацыяльна-палітычныя працэсы, у хуткай змене сістэм чалавечых і палітычных ідэалаў і каштоўнасцей, у падключэнні да актыўнага палітычнага жыцця шырокіх мас насельніцтва, якое не мае вопыту палітычнай барацьбы. У выніку актывізуюцца імкненні выкарыстаць пралікі грамадскай і дзяржаўнай сістэмы і пракласці «найкарацейшы» шлях да пастаўленай мэты, якім уяўляецца шлях прамога насілля, шлях тэрору.

Цэнтральным элементам тэрарызму з'яўляецца тэрарыстычны акт, які выяўляецца ў захопе заложнікаў, выкраданні палітычных дзеячаў і іх забойства для атрымання грошай, зброі, транспартных сродкаў, вызвалення палітычных вязняў, правакавання рэпрэсій з боку дзяржавы, якія, на думку арганізатараў, могуць даць выбуховы палітычны эфект. Такі акт, нават калі ён не мае далёка ідучых мэт, прыцягвае ўвагу грамадскасці і дзяржаўных органаў да канкрэтнай палітычнай праблемы або сітуацыі. Апрача дэстабілізацыі грамадскага парадку ў краіне ці міжнародных адносін тэрарыстычныя акты, як правіла, цягнуць за сабой шматлікія чалавечыя ахвяры, што робіць іх самымі небяспечнымі злачынствамі. Таму тэрарызм выклікае неабходнасць прыняцця самых рашучых мер з боку ўсяго міжнароднага супольніцтва.

Паведаміць пра недакладнасьць