Тэхніка (ад грэч. technike - умелая, techne - майстэрства), сістэма матэрыяльных сродкаў чалавечай дзейнасці. Як навуковае паняцце паявілася ў новыя часы, калі сродкі вытворчай працы і чалавечай дзейнасці набылі нібыта самастойнасць і сталі ўсё ў большай меры абумоўліваць формы грамадскага жыцця, яго праблемы і супярэчнасці. Тэхніка робіць працу людзей больш прадукцыйнай. Для яе стварэння неабходны саюз творчай думкі інжынера і майстэрства рабочага. Напачатку паяўленне тэхнікі ў грамадскай вытворчасці выклікала аптымістычныя канцэпцыі тэхнічнага прагрэсу, велізарных сацыяльных перамен да лепшага ў жыцці людзей. Прагрэс тэхнікі быў нават прызнаны ўніверсальным спосабам вырашэння ўсіх чалавечых праблем. Аднак гісторыя развіцця і выкарыстання тэхнікі, эвалюцыя адносін грамадства і прыроды на тэхнічнай базе зменшыла аптымізм (асабліва з прычыны выкарыстання найноўшых тэхнічных дасягненняў у жорсткіх разбуральных войнах, узнікнення вострых экалагічных праблем і да т.п.). Сёння ўсё большая колькасць вучоных схіляецца да думкі, што задача тэхнікі - дапамагчы чалавеку ў стварэнні неабходных сродкаў існавання, але не парушаць нармальны «абмен рэчываў» паміж грамадствам і прыродай, каб падтрымаць «баланс сіл», што складаўся паміж імі за мільёны гадоў.

Паведаміць пра недакладнасьць