Узброеныя сілы, узброеная арганізацыя дзяржавы або групы дзяржаў; адзін з найважнешых сродкаў палітычнай улады, звязаных з выкананнем знешніх функцый дзяржавы (ваеннай абароны). Паняцце «ўзброеныя сілы» як агульнае для арміі і флоту ўпершыню ўвёў Ф.Энгельс. Да 20 ст. ўзброеныя сілы ўключалі сухапутныя войскі і ваенна-марскі флот. У сучасныя ўзброеныя сілы ўваходзяць: сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы, ваенна-марскі флот, вышэйшыя органы кіравання, органы тылу і некаторыя ваенныя арганізацыі дзяржавы (напр., у ЗША - нацыянальная гвардыя). Яны камплектуюцца на аснове ўсеагульнага воінскага абавязку або на кантрактнай аснове. Прызначэнне ўзброеных сіл, прынцыпы іх будовы, абучэння і выхавання асабістага складу вызначаюцца грамадскім, дзяржаўным ладам і палітыкай дзяржавы. Узброеныя Сілы Беларусі створаны паводле пастановы Вярхоўнага Савета ад 20.03.1992 «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» на базе былой Беларускай ваеннай акругі. Прызначаны для ўзброенай абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны ў адпаведнасці з яе Канстытуцыяй і дзеючым заканадаўствам. Складаюцца з сухапутных войск, ваенна-паветраных сіл і войск проціпаветранай абароны, спецыяльных войск; ваенна-навучальных устаноў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Міністэрства абароны. Арганізацыйна ўзброеныя сілы падзяляюцца на вайсковыя аб'яднанні, злучэнні, часці і падраздзяленні. Агульнае кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ажыццяўляе прэзідэнт Беларусі, які з'яўляецца іх Галоўнакамандуючым, непасрэднае кіраванне - Міністэрства абароны Беларусі. Абарона Беларусі - пачэсны і свяшчэнны абавязак грамадзяніна краіны. Парадак праходжання воінскай службы, асновы і ўмовы вызвалення ад воінскай службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.

Паведаміць пра недакладнасьць