Фетышызм (ад франц. fétiche - ідал, талісман), грамадскія адносіны і адпаведны ім светапогляд, што прыпісвае звычайным прадметам спецыфічныя сацыяльныя якасці; у больш спрошчаным сэнсе - пакланенне прадметам нежывой прыроды. Матэрыялістычная і асветная крытыка бачыла ў фетышызме толькі ілюзію індывідуальнай свядомасці, вынік падману і да т.п. Пачатковыя формы фетышызму зарадзіліся ў першабытным грамадстве ў выніку нізкага ўзроўню культуры першабытнага чалавека і выяўляліся ў веры, што прадметы (фетышы) здольны ўплываць на яго жыццё (магія, татэмізм). Гэта была адна з ранніх формаў рэлігійных вераванняў. Фетышамі маглі быць вялікія камяні, крыніцы, дрэвы, пэўныя ўчасткі цела жывёл, ці вырабленыя чалавекам ідалы. Фетыш мог быць выбраны выпадкова, ці яго вызначалі жрацы, чараўнікі. Фетышы задобрывалі (кармілі, лашчылі), «шкадлівыя» часам выкідвалі або замянялі. Элементы фетышызму захаваліся амаль ва ўсіх сучасных формах дагматычнай свядомасці. Культ прадметаў-фетышаў захаваўся і ў хрысціянстве (у выглядзе культу крыжа, абразоў, мошчаў і інш.), і ў ісламе (пакланенне чорнаму каменю ў г.Мекка), і ў іншых рэлігіях. Фетышызм праяўляецца ў кульце грошай, золата, у фактычным пакланенні сімвалам улады, палітычным інстытутам, у веры ў магічны ўплыў ідэалагічных уяўленняў, лозунгаў і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць