Фінансы (франц. finance - даход ад позналац. financia), эканамічная катэгорыя, якая выяўляе эканамічныя адносіны ў працэсе стварэння і выкарыстання фондаў грашовых сродкаў. Упершыню гэты тэрмін пачалі ўжываць у 13-15 ст. у Фларэнцыі, Венецыі, Генуі. Пазней ён стаў выкарыстоўвацца як паняцце, звязанае са стварэннем грашовых рэсурсаў, якія дзяржава мабілізуе для выканання сваіх функцый (гл. Грошы). Сёння фінансы выконваюць 2 асноўныя функцыі: размеркавальную і кантрольную. Паводле свайго зместу гэта сукупнасць цэнтралізаваных (агульнадзяржаўных) фондаў грашовых сродкаў, сканцэнтраваных непасрэдна ў руках дзяржавы, дэцэнтралізаваных грашовых сродкаў, якія знаходзяцца ў распараджэнні прадпрыемстваў, аб'яднанняў, арганізацый і насельніцтва. Цэнтралізаваныя фонды грашовых сродкаў (дзяржаўны бюджэт, фонд сацыяльнай абароны і інш.) непасрэдна звязаны з функцыянаваннем дзяржавы. Дэцэнтралізаваныя фонды звязаны з дзейнасцю суб'ектаў гаспадарання, задавальненнем насельніцтвам сваіх патрэб. Ва ўмовах рыначнай эканомікі фінансы з'яўляюцца элементам механізма дзяржаўнага рэгулявання. Выкарыстоўваючы фінансы, дзяржава ўздзейнічае на фармаванне і накапленне капіталу ў розных сектарах эканомікі, аказвае ўплыў на паводзіны суб'ектаў гаспадарання, вырашае сацыяльныя праблемы, што ўзнікаюць у грамадстве.

Паведаміць пра недакладнасьць