Царква (грэч. kyriake (oikia) літар. - божы дом), спецыфічнае для хрысціянства згуртаванне вернікаў, у якім ажыццяўляецца яднанне чалавека з Богам праз сумесны ўдзел у таінствах (перш за ўсё ў прычашчэнні). Універсальны («усяленскі», «кафалічны», «саборны») характар царквы робіць немагчымым яе атаясамліванне ні з якой этнічнай, палітычнай і іншай агульнасцю (племя, нацыя, дзяржава). У шырокім сэнсе царква - гэта арганізацыя паслядоўнікаў той ці іншай рэлігіі на аснове агульнасці веравучэння і культу; самакіроўнае аб'яднанне прыхільнікаў пэўнай рэлігіі на аснове агульнай веры і вучэння, формаў і абрадаў набажэнства, правіл і прадпісанняў жыцця. Мае цэнтралізаваную будову, органы кіравання, розныя ўстановы (навучальныя, выдавецтвы, манастыры і інш.), а таксама служак культу, кананічныя свяшчэнныя і богаслужэбныя кнігі. Складаецца з радавых вернікаў і духавенства. Да найбуйнейшых хрысціянскіх цэркваў належаць праваслаўная, каталіцкая, лютэранская, кальвінісцкая, армянская апостальская. У пратэстантызме многія арганізацыі ператвараюцца ў цэрквы (метадысты, баптысты і інш.). У канфуцыянстве, будызме, юдаізме такая выразна карпаратыўная, цэнтралізаваная царкоўная арганізацыя не стварылася, бо гэтыя рэлігіі ў першую чаргу дэкларуюць тоеснасць грамадзянскіх і рэлігійных абшчын, прынцыпова адмаўляючы саму ідэю іх раздзельнага суіснавання (а значыць, і аўтаномнага рэлігійнага калектыву ў асобе царквы). Царквой называюць таксама будынак для богаслужэнняў у хрысціянскай рэлігіі. На працягу шматвяковай гісторыі хрысціянства ў розных народаў склаліся розныя тыпы цэркваў, што маюць як мінімум памяшканне для малення і алтарную частку. Часцей царква - комплекс з многіх узаемазвязаных частак (капэла, крыпта, прыдзел, трапезная). Галоўная хрысціянская царква горада ці манастыра называецца саборам. Лютэранскія цэрквы звычайна называюцца кіркамі ці кірхамі, беларускія, польскія і іншыя каталіцкія цэрквы - касцёламі.

Паведаміць пра недакладнасьць