Экалагічны крызіс, цяжкі пераходны стан экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Крызіс трэба адрозніваць ад катастрофы, якая азначае поўнае разбурэнне сістэмы; у выпадку ж крызісу магчыма аднаўленне парушанага стану на аснове эвалюцыйнага вырашэння супярэчнасцей. Экалагічныя крызісы маюць прыроднае і антрапагеннае паходжанне. На працягу геалагічнай гісторыі прыродныя экалагічныя крызісы адбываліся ў розных рэгіёнах планеты даволі часта. Яны кардынальна ўздзейнічалі на характар эвалюцыйнага працэсу, але не маглі істотна паўплываць на цэласнасць біясферы. Экалагічныя крызісы антрапагеннага тыпу абумоўлены негатыўным характарам чалавечай дзейнасці і істотна ўплываюць на гістарычную дынаміку чалавецтва. У мінулым яны мелі лакальны характар, у сучасных умовах пры выкарыстанні вялікіх тэрыторый для гаспадарчых мэт набываюць глабальныя маштабы і абумоўлены забруджваннем навакольнага асяроддзя, знішчэннем расліннага покрыва і жывёльнага свету. Крызісы такога тыпу можна падзяліць на 4 асноўныя групы: кампанентныя, рэпрэзентатыўныя, татальныя і глабальныя. Крызісы кампанентнага тыпу адбываліся на аснове выключэння ці разбурэння пэўных кампанентаў экалагічнай сістэмы, што прыводзіла да парушэнняў яе стабільнасці. Крызісы рэпрэзентатыўнага тыпу ўзніклі на стадыі гаспадарчай дзейнасці, якая задавальняла жыццёвыя патрэбы параўнальна простым спосабам і адкрыла неабмежаваныя магчымасці на шляху пераўтварэння прыроды. Такія крызісы прыводзілі да разбурэння і дэградацыі асобных экасістэм і суправаджаліся пераўтварэннем і знішчэннем прыродных відаў раслін, жывёл і ландшафтаў. Татальныя экалагічныя крызісы характарызуюцца выключнай разбуральнай сілай, яны суправаджаюцца знішчэннем цэлых класаў экасістэм. Магутны навукова-тэхнічны патэнцыял дазволіў чалавеку вызваліцца ад прыроднай залежнасці, пачаць імклівае пераўтварэнне біясферы, што пагражае перарасці ў глабальную экалагічную катастрофу. Па гэтай прычыне ў чалавецтва не застаецца іншага выйсця, як перайсці на каэвалюцыйны шлях развіцця, бо вытокі экалагічнага крызісу знаходзяцца ў неадпаведнасці законаў сацыяльна-тэхнічнага развіцця законам эвалюцыі біясферы.

Паведаміць пра недакладнасьць