Экстрэмізм (ад лац. extremus - крайні), прыхільнасць у палітыцы да крайніх поглядаў і дзеянняў. У палітычным плане экстрэмізм выступае супраць існуючых грамадскіх структур і інстытутаў, імкнецца сілавымі метадамі падарваць іх стабільнасць, разладзіць ці ліквідаваць дзеля дасягнення сваіх мэт. У ідэалагічным плане экстрэмізм адмаўляе ўсякае іншадумства, спрабуе сілай зацвердзіць сваю сістэму палітычных, ідэалагічных або рэлігійных поглядаў, навязаць іх апанентам любой цаной, патрабуючы ад сваіх прыхільнікаў сляпога падпарадкавання і выканання любых, нават самых недарэчных загадаў і інструкцый. Для экстрэмістаў характэрна імкненне да ахлакратыі - прапаганды лозунгаў і заклікаў, разлічаных не на веды, а на прымітыўную свядомасць і інстынкты натоўпу. Экстрэмізм традыцыйна падзяляюць на «левы» і «правы». Левыя экстрэмісты найчасцей апелююць да ідэі марксіму-ленінізму і інш., правыя - выкрываюць заганы дэмакратычнага грамадства з крайне кансерватыўных пазіцый (за падзенне нораваў, пашырэнне наркаманіі, эгаізму і інш.). З шматлікіх формаў вылучаюць экстрэмізм палітычны, нацыянальны, рэлігійны, экалагічны. Любыя формы экстрэмізму непрымальныя, бо яны здольны параджаць самыя розныя негатыўныя фактары: сацыяльна-эканамічныя крызісы, рэзкае падзенне жыццёвага ўзроўню асноўнай масы насельніцтва, таталітарныя рэжымы, праследаванне іншадумства і задушэнне ўладай апазіцыі, нацыянальны прыгнёт, імкненне палітычных груповак паскорыць ажыццяўленне пастаўленых імі задач, задавальняць палітычныя амбіцыі іх лідэраў і да т.п. У апошнія гады экстрэмізм стаў пашыранай з'явай на тэрыторыі былога СССР і ў краінах Усходняй Эўропы. Выкарыстоўваючы памылкі і пралікі пры правядзенні дэмакратызацыі грамадства, экстрэмісты правага і левага толку выступаюць супраць існуючых дзяржаўных інстытутаў і структур грамадска-палітычнага ладу, сяброўскіх міжнацыянальных адносін, распальваюць сацыяльныя і нацыянальныя канфлікты, правакуюць сутыкненні, ультыматыўна ставяць заведама невыканальныя патрабаванні. Экстрэмізм ва ўсіх формах і відах нясе гора і пакуты народам, робіць іх заложнікамі беспрынцыпных палітыканаў.

Паведаміць пра недакладнасьць