Эмпірызм (ад грэч. empeiria - вопыт). Працэс пазнання свету чалавекам грунтуецца на фізічным матэрыяле, які даюць яму органы пачуццяў. Таму прадстаўнікі эмпірызму галоўнай формай пазнавальнай дзейнасці лічаць непасрэднае, жывое сузіранне рэчаіснасці, адводзячы ўсім астатнім інтэлектуальным здольнасцям толькі дапаможную ролю. Эмпірызм - гэта філасофскі кірунак, які прызнае пачуццёвы вопыт (адчуванні, успрыманні) адзінай крыніцай дакладных ведаў. Ён узнік у 16-18 ст. і, развіваючы эксперыментальнае прыродазнаўства, адыграў станоўчую ролю ў разбурэнні беззмястоўнай схаластыкі і вызваленні філасофіі ад рэлігійна-тэалагічнага светаўспрымання. Ідэі эмпірызму былі найбольш пашыранымі сярод ангельскіх філосафаў (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок). У пытанні пра паходжанне ведаў эмпірызм уступіў у канфрантацыю з рацыяналізмам, бо лічыў, што веды выводзяцца з вопыту, а не ствараюцца чалавечым розумам. Дзейнасць думкі эмпірызм зводзіў да камбінавання пачуццёвых даных, механічнага іх падсумавання. Паняцце вопыту эмпірысты падзялялі на вонкавы (фізічны свет) і ўнутраны (інтымны свет душы). У сувязі з гэтым сфармаваліся 2 процілеглыя кірункі эмпірызму - матэрыялістычны і ідэалістычны. Матэрыялісты-эмпірыкі сцвярджалі, што пачуццёвы вопыт адлюстроўвае ў пазнанні аб'ектыўна існуючыя рэчы (Ж.Ламетры, К.Гельвецый, П.Гольбах). Ідэалісты-эмпірыкі зводзілі вопыт да сукупнасці чыста аб'ектыўных адчуванняў ці ўяўленняў, адмаўляючы, што ў іх аснове ляжыць аб'ектыўная рэчаіснасць (Дж.Берклі, Д.Юм). Апошні кірунак у сярэдзіне 17 ст. быў даволі пашыраным у розных школах пазітывізму. Непаслядоўнасць эмпірызму, які дапускаў і матэрыялістычны і ідэалістычны пункт погляду, у яго аднабаковасці, сузіральнасці. Чалавека ён разглядаў не як творцу, а як пасіўны аб'ект знешніх, прыродных уздзеянняў ці як істоту, замкнутую ў свеце ўласных перажыванняў і ўяўленняў. Адмаўленне актыўнай ролі і адноснай самастойнасці мыслення ў пазнанні не дазволіла эмпірызму правільна вызначыць ролю навуковых абстракцый і тэорый у раскрыцці сутнасці з'яў і працэсаў, у разуменні законаў матэрыяльнай рэчаіснасці.

Паведаміць пра недакладнасьць