Юнацтва, перыяд у развіцці чалавека, які адпавядае пераходу ад падлеткавага ўзросту да самастойнага жыцця. У псіхалогіі вылучаюць ранняе юнацтва (старэйшы школьны ўзрост ад 15 да 18 гадоў) і позняе юнацтва (ад 18 да 23 гадоў). У раннім юнацтве фармуюцца пазнавальныя і прафесійныя інтарэсы, адносіны да працы, здольнасць будаваць жыццёвыя планы, грамадская актыўнасць; пераадольваецца ўласцівая папярэднім перыядам залежнасць ад сталых людзей і фармуецца самастойная асоба. Памяншаецца роля калектыўна-групавых формаў зносін з аднагодкамі і павялічваецца значэнне індывідуальных кантактаў. Да канца юнацкага перыяду завяршаюцца фізічныя працэсы фармавання чалавека. Псіхалагічны змест гэтага перыяду звязаны з развіццём самасвядомасці, вырашэннем задач прафесійнага самавызначэння і ўступленнем у самастойнае жыццё. Юнацтва - напружаны перыяд фармавання маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый і ідэалаў, устойлівага светапогляду, грамадзянскіх якасцей асобы. На працэсы фармавання свядомасці юнакоў адмоўна могуць уплываць неспрыяльныя грамадскія і мікрасацыяльныя ўмовы, якія прыводзяць да вострых псіхічных канфліктаў і перажыванняў.

Паведаміць пра недакладнасьць