Каліноўскі Кастусь (Вікенцій Канстанцін; псеўд. Яська гаспадар з-пад Вільні, Хамовіч, Вітажэнец і інш.; 02.02.1838-22.03.1864), рэвалюцыянер-дэмакрат, мысліцель, публіцыст і паэт, кіраўнік паўстання 1863-1864 у Беларусі і Летуве. Нарадзіўся ў в. Мастаўляны Гарадзенскага пав. (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). З незаможнага шляхецкага роду. Продкі К. на працягу амаль ста гадоў валодалі маёнткам Калінава ў Браньскай зямлі на сумежжы Беларусі і Польшчы, але ў 2-й палове 18 ст. маёнтак быў прададзены і Каліноўскія сталі беззямельнай шляхтай. Маці, Вераніка Рыбінская, памерла маладой, калі Кастусю было 5 гадоў. Бацька, Сямён Сцяпанавіч, быў разумным і энергічным чалавекам. У в. Мастаўляны на зямлі памешчыка Радавіцкага ў 1835 ён заснаваў невялікую ткацкую фабрыку (па сутнасці майстэрню), дзе вырабляліся сурвэткі, абрусы і інш. льняныя вырабы, дамогся добрай якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Потым разам з другой жонкай, Ізабелай Лазарэвіч, набыў невялікі фальварак Якушоўка паблізу мяст. Свіслач у Ваўкавыскім пав. Туды ў 1849 перабралася сям'я, а таксама была пераведзена фабрыка. У 1855 бацька дамогся зацвярджэння сенатам Каліноўскіх у дваранскіх правах. Але матэрыяльнае становішча сям'і, у якой ад двух шлюбаў было 17 дзяцей, па-ранейшаму заставалася цяжкім. У 1847 К. паступіў у 1-ы клас Свіслацкай гімназіі, вядомай не толькі педагагічнымі дасягненнямі, але і багатымі традыцыямі ўдзелу навучэнцаў у вызваленчай барацьбе. Вялікі ўплыў на К. зрабіў яго старэйшы брат Віктар. Пасля сканчэння навучальні (каля 1852) К. тры гады жыў у Якушоўцы, дапамагаючы бацьку па гаспадарцы і займаючыся самаадукацыяй. Віктар, стаўшы студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, клікаў яго да сябе. Да таго ж у краіне пачалося грамадскае ажыўленне, звязанае з паразай царызму ў Крымскай вайне і смерцю Мікалая I. У такі час цяжка было ўседзець на вёсцы. У канцы 1855, напярэдадні свайго паўналецця, К. паехаў у Маскву да брата з намерам паступіць ва ўніверсітэт. Але неўзабаве ў братоў змяніліся планы, і летам 1856 яны перабраліся ў Пецярбург. К. паспяхова здаў уступныя экзамены ва ўніверсітэт і стаў студэнтам 1-га курса юрыдычнага факультэта па разрадзе камеральных навук, які рыхтаваў да гаспадарчай або адміністрацыйнай кар'еры і даваў добрую агульную адукацыю. Апрача юрыдычных навук К. вывучаў расейскую і ўсеагульную гісторыю, палітэканомію, статыстыку, логіку, псіхалогію, заалогію, батаніку, сельскую гаспадарку, тэхналогію, архітэктуру, расейскую і французскую мовы. Студэнцкія гады мелі вырашальнае значэнне для станаўлення рэвалюцыйнага светапогляду К. Ён захапляўся публікацыямі ў «Современнике» і «Колоколе», творамі рэвалюцыянераў-дэмакратаў, а магчыма, і асабіста быў знаёмы з правадырамі расейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі М.Чарнышэўскім, М.Дабралюбавым і Т.Шаўчэнкам, які таксама жыў тады ў Пецярбургу. У тыя бурныя часы ў студэнцкім жыцці К. неаднаразова выбіраўся бібліятэкарам-кіраўніком арганізацыі студэнтаў «Огул» - выхадцаў з Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны, узначальваў у «Огуле» найбольш радыкальнае крыло. З утварэннем каля 1858 у Пецярбургу ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі Серакоўскага-Дамброўскага браты Каліноўскія сталі яе актыўнымі дзеячамі. Жылі яны ў Пецярбургу на заробкі Віктара, які перапісваў гістарычныя дакументы, і невялікую стыпендыю, прызначаную К. ў 1858.

Каб здабыць дадатковыя сродкі, К. займаўся рэпетытарствам, а нярэдка быў вымушаны звяртацца за дапамогай у рэктарат. Вядома таксама, што ён цяжка хварэў, асабліва ў кастрычніку 1859. Тым не менш ён выдатна вучыўся і летам 1860 паспяхова скончыў універсітэцкі курс, а пасля падачы дысертацыі ў студзені 1861 зацверджаны папячыцелем Пецярбургскай навучальнай акругі ў ступені кандыдата правоў. Атрымаўшы ў лютым 1861 дыплом, ён праз 2 тыдні быў ужо ў Вільні, дзе зрабіў безвыніковую спробу ўладкавацца на службу ва ўпраўленне мясцовага генерал-губернатарства. Вяртанне К. на радзіму супала з моцным уздымам вызваленчага руху ў Беларусі, выкліканага абвяшчэннем сялянскай рэформы і абвастрэннем палітычнай сітуацыі ў Расеі і Польшчы. К. стаў адным з правадыроў гэтага руху, лідэрам яго дэмакратычнай плыні («чырвоных»). На працягу 1861 ён стварыў на Гарадзеншчыне з разначыннай інтэлігенцыі нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю, звязаную з такімі ж арганізацыямі ў Вільні. К. і яго прыхільнікі вялі па вёсках і мястэчках агітацыю сярод сялян, заклікалі іх на барацьбу з памешчыкамі і самаўладствам. Разам са сваім сябрам В.Урублеўскім, беларускім паэтам Ф.Ражанскім і інш. паплечнікамі па гарадзенскай арганізацыі летам 1862 ён распачаў выданне першай у гісторыі Беларусі нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты «Мужыцкая праўда». На працягу 1862-1863 удалося выдаць 7 нумароў, аўтарам і рэдактарам большасці з якіх быў К. «Мужыцкая праўда» ўпершыню на беларускай мове несла рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі ў асяроддзе сялянства, рыхтавала яго да паўстання. К. асабіста ўдзельнічаў у распаўсюджванні газеты.

Пасля таго як мясцовыя ўлады аддалі загад пра яго арышт, ён цалкам перайшоў на нелегальнае становішча, хаваючыся пад рознымі прозвішчамі (Макарэвіч, Хамовіч, або Хамуціус, Чарноцкі і інш.). Адначасова з напружанай дзейнасцю на Гарадзеншчыне К. падтрымліваў цесныя сувязі з сябрамі-аднадумцамі далёка за яе межамі. Удзельнічаў у рабоце віленскага цэнтра па падрыхтоўцы паўстання - «Камітэта руху», перайменаванага неўзабаве ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), вёў там барацьбу за рэвалюцыйна-дэмакратычную праграму паўстання. З восені 1862 К. - старшыня ЛПК, што сведчыла пра ўзмацненне ўплыву рэвалюцыйных дэмакратаў на вызваленчы рух у Беларусі. Вядомы прынцыповыя спрэчкі К. і ўсяго ЛПК з рэвалюцыйнымі дзеячамі Варшавы за прызнанне суверэннасці Беларусі. Вялікія надзеі К. ўскладаў на супрацоўніцтва з расейскімі рэвалюцыянерамі. У канцы 1862 для ўмацавання кантактаў ён прыязджаў у Пецярбург.

Пасля выбуху паўстання ў Польшчы (студзень 1863) ЛПК заклікаў народы беларускага краю да актыўных дзеянняў і абвясціў сябе Часовым рэвалюцыйным урадам Літвы і Беларусі. Выпушчаная К. «Паўстанцкая інструкцыя» патрабавала суровых захадаў супраць памешчыкаў. Аднак прадстаўнікам ліберальнай плыні ў вызваленчым руху («белым») удалося зрабіць пераварот і, адхіліўшы К. і яго паплечнікаў ад кіраўніцтва паўстаннем, захапіць уладу ў паўстанцкай арганізацыі. З вясны 1863 К. - рэвалюцыйны камісар на Гарадзеншчыне, працаваў у Беластоку і Горадні, шмат зрабіў, каб зламаць сабатаж памешчыкаў і ўцягнуць у паўстанне народныя масы. У траўні 1863 разам з паўстанцкім цывільным начальнікам Гарадзенскага ваяв. Э.Заблоцкім ён аб'ехаў Слонімскі і Ваўкавыскі пав., апошні раз пабываў у в. Якушоўка, інспектаваў злучаныя сілы паўстанцаў пад Мілавідамі ў Слонімскім пав. (напярэдадні вядомай бітвы) і Берасцейскі атрад за Бугам у Падляшшы. Хутка ў паўстанцкай арганізацыі адбыўся новы пераварот, «чырвоныя» зноў узялі ўладу ў свае рукі, і К. ўзначаліў віленскі паўстанцкі цэнтр. Адной з яго важнейшых канспіратыўных кватэр у Вільні была кватэра Ямантаў на Ратушнай плошчы. Былы студэнт І.Ямант вёў важную перапіску паўстанцаў, а яго сястра Марыля была блізкім сябрам К. За кіраўніком паўстання ўлады арганізавалі сапраўднае паляванне. Але ён працягваў мужную барацьбу, мяняючы аблічча, імёны, адрасы. Паступова кола рэвалюцыянераў звужалася. Былі схоплены і публічна пакараны смерцю найбліжэйшыя яго паплечнікі І.Здановіч і Ц.Далеўскі. Для ўмацавання мясцовай арганізацыі ў Менск паехаў І.Ямант. У кастрычніку 1863 К. пад імем І.Вітажэнца пасяліўся ў т.зв. Святаянскіх мурах (комплекс будынкаў былога Віленскага ўніверсітэта), насупраць генерал-губернатарскага палаца, дзе жыў душыцель паўстання Мураўёў-вешальнік. Псеўданім і адрас кіраўніка паўстання выдаў жандарам на допытах у Менску ўдзельнік паўстанцкай арганізацыі В.Парфіяновіч. У студзені 1864 К. быў арыштаваны ў Святаянскіх мурах і зняволены ў т.зв. Дамініканскі будынак (былы Дамініканскі кляштар). Чалавек вялікай сілы духу, пачуцця ўласнай годнасці і мэтанакіраванасці, К. паводзіў сябе ў час следства і суда вельмі мужна, у турме напісаў і здолеў перадаць на волю «Пісьмы з-пад шыбеніцы» - сваё ідэйна-палітычнае завяшчанне, яскравы мастацка-публіцыстычны твор, дакумент рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіі. Асуджаны царскім ваенна-палявым судом, паводле канфірмацыі Мураўёва ён быў публічна павешаны ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі. Цела рэвалюцыянера паводле тагачасных правіл закапалі на месцы пакарання. Пазней яго прах тайна перанеслі на тэрыторыю Віленскай цытадэлі. Лічыцца, што рэшткі К., як і іншых змагароў 1863, пакараных смерцю ў Вільні, пахаваны на вяршыні гары Гедзіміна, якая знаходзілася ў той час на тэрыторыі цытадэлі.

К. вядомы не толькі як рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст, палымяны прыхільнік ідэі рэвалюцыйнага саюзу ўсіх народаў у барацьбе з самадзяржаўем, але і як выдатны знаўца беларускай народнай мовы. Шырока і з вялікім майстэрствам ён карыстаўся ёю ў сваёй публіцыстыцы, садзейнічаў яе літаратурнаму развіццю. Пісаў таксама і вершы. Як родапачынальнік беларускай рэвалюцыйнай дэмакратыі К. зрабіў вялікі ўплыў на ўсю наступную беларускую літаратуру і культуру, садзейнічаў паглыбленню ў літаратуры і мастацтве прынцыпаў рэалізму і народнасці, замацаванню высокіх ідэалаў барацьбы за свабоду. Ідэйныя прынцыпы К. развівалі пасля ў сваёй творчасці Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка і інш.

Друкаваная і рукапісная спадчына К. па аб'ёме невялікая (7 нумароў газеты «Мужыцкая праўда», шэраг рэвалюцыйных інструкцый, заклікаў, загадаў, а таксама некалькі лістоў, у т.л. і вядомыя «Пісьмы з-пад шыбеніцы»), тым не менш яна ўтрымлівае ў сабе шэраг глыбокіх ідэй і тэарэтычных палажэнняў. Перш за ўсё ў ёй вострая крытыка феадальна-прыгонніцкіх адносін у Расеі сярэдзіны 19 ст. Развіваючы традыцыі расейскіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, К. глыбока раскрыў сутнасць прыгонніцкай эксплуатацыі ва ўсіх яе формах, паказаў паразітызм памешчыкаў, выключна цяжкае становішча прыгонных сялян Беларусі. У публіцыстыцы К. адлюстравана цяжкае становішча казённых (дзяржаўных) сялян, якіх бязлітасна эксплуатавалі і прадстаўнікі царскай адміністрацыі, і арандатары маёнткаў. К. рэзка крытыкаваў дзяржаўную машыну абсалютызму, дзе велізарны бюракратычны апарат кіраўніцтва непадсправаздачны і бескантрольны, у ім працвітае шырокая сістэма ліхвярства і хабарніцтва. Ён настойліва рассейваў царысцкія ілюзіі сялян, пераканаўча даказваў, што ўсе беды народа зыходзяць менавіта ад самога цара. К. належаў да тых мысліцеляў, якія выступалі таксама з крытыкай капіталізму. У капіталізме ён бачыў толькі новую сістэму эксплуатацыі чалавека чалавекам. К. быў перакананым праціўнікам эксплуататарскага ладу, прыхільнікам карэннай перабудовы грамадства на новых, справядлівых пачатках. К. марыў раздаць усю зямлю сялянам, бо яна «ад дзядоў-прадзедаў» з'яўляецца іх уласнасцю. Ён быў шчырым і гарачым прыхільнікам ідэалаў сялянскага абшчыннага сацыялізму. К. выступаў за рашучую адмену ў будучым грамадстве ўсіх класавых, нацыянальных і рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў з тым, каб зрабіць галоўным крытэрыем каштоўнасці чалавечай асобы працу, ацэньваць чалавека па яго рэальных справах і заслугах. Гэтай мерай беларускі сацыяліст-утапіст марыў выкараніць з грамадства марнатраўства і паразітызм прывілеяваных класаў і найперш шляхты. Арганічнай часткай сацыяльнай утопіі К. з'яўляюцца яго ідэі аб выхаванні. Галоўнай умовай пашырэння асветы ён лічыў карэнную змену існуючых сацыяльна-палітычных адносін. Пакуль народ не будзе свабодны, не будзе ні справядлівасці, ні багацця, ні навукі. К. выказваўся за ўсеагульную адукацыю і выхаванне, якімі будзе займацца непасрэдна дзяржава, за тое, каб школа фармавала ў дзяцей высокія грамадскія якасці і гуманістычныя ідэалы. Ён лічыў за неабходнае развіваць асвету і навуку на роднай беларускай мове. Вялікую ролю ў жыцці грамадства адводзіў жанчыне і вырашэнне жаночага пытання бачыў у карэнным пераўтварэнні грамадства.

Значнае месца ў будучым грамадстве К. адводзіў дэмакратычным формам праўлення. Разумеючы прызначэнне дзяржавы ў тагачасным прыгонніцкім грамадстве, ён звязваў вызваленне сялянства і ўсіх працоўных з пераходам дзяржаўнай улады ў рукі народа. Найлепшай формай дзяржаўнай будовы лічыў дэмакратычную рэспубліку. Ажыццяўленне ўсіх сваіх сацыяльных праектаў і планаў К. як прыхільнік рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй Чарнышэўскага і Герцэна звязваў з сялянскай рэвалюцыяй. Ён быў перакананы, што толькі народная рэвалюцыя можа прынесці сялянам жаданую зямлю і свабоду, падкрэсліваў, што свабоду можна заваяваць толькі шляхам узброенай барацьбы. К. ў поўнай меры асэнсоўваў увесь цяжар гэтай нялёгкай задачы, што стаяла перад народам, але лічыў яе цалкам дасягальнай, бязмежна верыў у сілы народа. Ён бачыў галоўную рэвалюцыйную сілу ў сялянстве, К. разам з тым лічыў магчымым удзел у народнай рэвалюцыі сумесна з сялянамі гараджан і студэнцтва, імкнуўся да саюзу з імі, падкрэсліваў, што ў іх з сялянамі агульныя інтарэсы. Паколькі паўстанне 1863 у Беларусі насіла нацыянальна-вызваленчы характар, К. не выключаў магчымасці ўдзелу ў ім асобных памешчыкаў, але на такой ідэйнай платформе, якая б не супярэчыла інтарэсам сялян.

Тв.: К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988; За нашую вольнасць: Творы, дакументы. Мн., 1999.

Літ.: Смірноў А. Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 года. Мн., 1959; Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963; Шалькевич В. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. Мн., 1988.

Г.Кісялёў, В.Шалькевіч Выбраныя творы Кастуся Каліноўскага на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць