Хлеб-соль. Усходнесл. Ужыв. са значэннямі: 1) пачастунак, 2) харч, ежа, 3) турботы, апека, 4) каму, прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Выбачайце за нечаканы візіт. Дзякуем за хлеб-соль, жадаем здароўя (Э.Валасевіч. Бывайце здаровы). Падзяляю з сяброўкай тайну, з падарожнікам хлеб-соль (Я.Янішчыц. Я дзяліць не перастану...). За ўсё, што сёння маю, што даў мне мой народ: за кут у родным краю, за хлеб-соль без клапот, - я адплаціў народу, чым моц мая магла: зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла (Я.Купала. За ўсё). - Хлеб-соль вам! - гукнуў Сілівей Зязюля, і не паспелі яго запрасіць за стол, як ён сам прысеў на край лаўкі (В.Каваль. Шчасце Сілівея Зязюлі).

Узнікненне фразеалагізма (у яго 1-м значэнні) звязана з даўнім звычаем, вядомым са старажытных часоў: сустракаючы жаданага госця, яму падносілі як знак павагі бохан хлеба і соль. Гэты звычай гасціннасці і цяпер жыве: «Паважна старыя вітаюць наркома, падносяць хлеб-соль, караваі і мёд» (Я.Купала). Астатнія тры значэнні развіліся ў фразеалагізме на аснове першага.

Паведаміць пра недакладнасьць