СЛОВА (словы, слоўца). I. Моўная адзінка: абнадзейлівае, агнёвае (разм.), агністае, агняцветнае (паэт.), адзінае, ашчаджанае (аўт.), важкае, васільковае (аўт.), ветлівае, вечнае, высокае, вясельнае, вятрыстае (аўт.), гаманкое, гарачае, гартаванае, гучнае, дарагое, дзівоснае, дзіўнае, добрае, добразычлівае, духмянае (аўт.), загадкавае, залатое, зменлівае, клёкатнае (аўт.), крамянае, крынічнае (аўт.), крыштальнае, лагоднае, ласкавае, ласкава-шчырае (аўт.), любае, любімае, маладое, мудрае, мужнае, мяккае, надзейнае, наздравата-чорнае (аўт.), палымянае, праўдзівае, прачулае, простае, прыветлівае, прыветнае, прыгожае, прыязнае, пяшчотнае, разумнае, роснае (аўт.), роўнае, сардэчнае, свежае, светлае, святлістае (аўт.), святое, святочнае, сітнае (аўт.), спагадлівае, спагаднае, спакойнае, спачувальнае, суцешлівае (аўт.), сытнае (аўт.), сяброўскае, трапяткое, трывалае, уладнае, ускалыхлівае (аўт.), цёплае, ціхае, чыстае, чысцюткае, шчасліва адчутае (аўт.), шчодрае, шчырае, ядранае (аўт.), яркае, яснае  агіднае, адбеленае, азяблае, атрутнае, безадказнае, бяздумнае, выклятае (аўт.), выцвілае, гнеўнае, горкае, грамавое, грозна-незразумелае, жорсткае, злое, злоснае, ілжывае, калючае, крутое, лабавое (аўт.), ліхое, набалелае, напышлівае, незразумелае, некрыклівае, немілагучнае, непамыснае, непанятлівае (аўт.), няспетае, няшчырае, самотнае, скептычна-насмешлівае, слізкае, сумнае, сумотнае, суровае, сцёртае, тройчыклятае (аўт.), упартае, халоднае.

Мусіць, ад гэтай сваёй дабраты, ад чуласці, а можа ад пераканання, што лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка, ён [Кузьма Чорны] людзям, што адкрывалі яму першыя запаветныя сшыткі, задумы, часта гаварыў добрыя, абнадзейлівыя словы (І.Мележ). Аж пральецца песня з сэрца ў поўны голас, Калі вытча думка слоў агнёвых кола (К.Буйло). Колькі песень на спатканні, Слоў агністых, маладых (П.Броўка). Слоў агняцветных рэкамі, морам алею і мёду Затапілі цара оды (К.Цвірка). Шапталі яго сенажаць і дуброва, людзьмі перачутае, некаму нова, адзінае, дзіўнае, светлае слова — кахаю... (Д.Бічэль-Загнетава). І будзе мне сэрца грэць Кожным ашчаджаным словам Мая спрадвечная Беларуская мова (Р.Барадулін). І чарсцвее душа ад карозіі Безадказных, бяздумных слоў (В.Вітка). У нас сваіх хапае слоў Крамяных, росных, васільковых (Ю.Свірка). — Калі ласка!.. — нашай роднай мовы Шчырыя і ветлівыя словы (П.Броўка). Прыйдзіце, словы, Мужныя, Надзейныя, Праўдзівыя, Важкія, Гартаваныя; Прыйдзіце, гнеўныя, Як перуна ўдары (С.Дзяргай). Я... з трапятаннем адчуваю дыханне майго прашчура, зменлівае і вечнае слова яго (У.Караткевіч). Па следу былых баёў Шукацьму найлепшых сваіх радкоў, Высокіх і дзіўных слоў (П.Панчанка). А луста — слова сытнае, Духмянае і шчодрае. Яно — ад маці сітнае Ці наздравата-чорнае. А каравай вясельнае, Святочнае яно (П.Панчанка). Над лёсам маім... — Світалі вятрыстыя словы (Р.Барадулін). Хапае слоў і гаманкіх, І мяккіх, як у лузе травы (Ю.Свірка). Шмат слоў гарачых я ў душы знайду, Каб прывітаць цябе, любімы Колас (К.Буйло). Зняможаным не кажуць слоў прыгожых, Ад гучных слоў не прыбывае сіл... (А.Бачыла). Ёсць такое слова дарагое, Я яго глыбока ў сэрцы захаваў (А.Звонак). Ад слова вырастаюць крылы, А ў сэрцы стукае любоў, Ад слова прыбываюць сілы, Дык не шкадуйце добрых слоў (С.Грахоўскі). Я прысягаў не раз, не двойчы Не абуджаць у сэрцы зноў Тваю паходку, Стан дзявочы, Загадкавых апошніх слоў (П.Панчанка). Не забыць бы дзедавага Слова залатога: Не рабі ліхога, Не кажы пустога (К.Цвірка). Вострым надзяляючы крылом, Выпускаю клёкатныя словы (А.Пысін). Ціха гучаць у мове маёй Словы крынічныя, Росныя (А.Звонак). Стала ў хаце ўсім нялоўка, Бо пачулі чэрствасць, стыд, Бо з-за ласкавага слоўка Гэтак плакаў ён [Сымон] наўзрыд (Я.Колас). Не было б абяцання, Слоў тых ласкава-шчырых, Што ў хвіліну расстання Паўтарала дзяўчына, — Не тужыў бы так дужа (Н.Гілевіч). Песні пачутай не трэба супыну, Любае слова хай свеціцца ў ёй (Е.Лось). Песняры вялікія злучыць Са словам мудрым здолелі агонь (А.Зарыцкі). Прыйдзіце, словы, да мяне: Трывалыя, Прачулыя, Разумныя, Ласкавыя; Прыйдзіце шчырыя, як сэрца, трапяткія (С.Дзяргай). Па гэтых словах палымяных, Што нарастаюць з кожным днём, Вядомых, новых, безымянных Сяброў сваіх мы пазнаём (Н.Гілевіч). Прыветныя словы суровымі сталі, І стала далёкім, што звалася блізкім (А.Звонак). У гэтых, па-ранейшаму прыязных роўных словах госцю адразу пачуўся лёгенькі намёк гаспадара на “позні час” (Я.Брыль). І помню заўсёды пяшчотныя словы, Што ты [мама] мне казала малому... (Н.Гілевіч). Чалавеку патрэбна не слава, А людская ўвага і ласка, І сардэчнае шчырае слова, І вясёлая добрая казка (С.Грахоўскі). У нас хапае слоў сваіх Святлістых, важкіх, нібы глеба (Ю.Свірка). Не тое слова, не, не тое Душу ўзнясе, дзе бляск і зман. А тое простае, святое, У якім душа жыве сама (К.Кірэенка). Маша маўчала. Ад ласкавага, спагадлівага слова сэрца сціснулася (І.Мележ). А спагаднае слова — нямала! (У.Паўлаў). За спакойнымі, угрунтаванымі на вялікай аснове словамі далёка і родна чулася музыка даўняй, прыгожай дружбы (Я.Брыль). Валодзя пачуў, як, сагрэтая спачувальным словам, крыўда хваляй зноў напоўніла яго, падступіла к горлу (І.Мележ). Мачыха ўзяла Ганну за плячо, гаворачы ласкавыя, суцешлівыя словы (І.Мележ). Прасвятлела на світанні ад сяброўскіх шчырых слоў (П.Броўка). [Стрыбук] стрымліваў гнядога ўладным словам, Што на марозе сам ірваўся ў шлях (Н.Гілевіч). Дзверы мяккія ўскінь, Што завуцца ўскалыхлівым словам “Кілім” (Р.Барадулін). Якія добрыя, цёплыя словы “залатыя канапелькі” (М.Лынькоў). Шчаслівы той, Каго натхніла Адно з прыгожых, ціхіх слоў (П.Броўка). Як здаўна, песціў і галубіў [Машэка], І словы чулыя складаў (Я.Купала). Абрус — абцас — азярод — арэлі... Вясёлка — вырай — вярба — ваўчкі... Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы, Чыстых беларускіх слоў ланцужкі (К.Цвірка). — Людзі, браток, усюды людзі, — сказаў ён [Бутрым] ціха, з глыбіні гэтых простых, шчасліва адчутых слоў (Я.Брыль). А словы ліліся ясныя і простыя (М.Лынькоў). Ці дойдзеш ты, Адбеленае слова, Да тых, каму, хацеў бы, перадаць?.. (А.Пысін). І толькі “здраду” — выклятае слова Не мог я ні ўспрыняць, ні зразумець (П.Панчанка). У нас хапае слоў такіх Чысцюткіх, ядраных, як ранне (Ю.Свірка). Паўзіце, словы, ад мяне: Агідныя, Халодныя, Ілжывыя, Атрутныя; Паўзіце, слізкія, Ліхія... (С.Дзяргай). Цяплеюць слоў азяблых васількі... (Р.Барадулін). Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў, што звіняць, як жабрацкая медзь у асенняй журбе (А.Вялюгін). Радкі, поўныя смутку і жальбы, змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі (С.Александровіч). Горкія словы каціліся з дзіцячых губак (Цётка). Не трэба гучна гаварыць, Выкатваць словы грамавыя (А.Пысін). Пры пераездзе граніцы трэба было плаціць — адтуль мне помнілася грозна-незразумелае слова кантрыбуцыя (Я.Брыль). Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў (Я.Колас). [Валя] і потым ніяк не магла ўспомніць, адкуль яны з’явіліся, як вырваліся гэтыя жорсткія словы (А.Васілевіч). Вось-вось гатоў быў сказаць Недасеку крутое слова (Я.Брыль). О, слова, слова лабавое, Нястрымнае, яно ляціць... (А.Пысін). Тут шэпты і моцныя словы ў гоман зліліся адзін (Я.Колас). І знямела, як арліны клёкат, Слова набалелае ў грудзях (А.Пысін). Хай цябе ніколі не трывожыць Горкі сэнс незразумелых слоў. Знішчыць людаедскі план варожы Абавязак наш, усіх бацькоў (П.Панчанка). Вырас дуб малады, зашумеў непанятлівым словам (Я.Купала). Ты адзінае шчасце, мой край, Новай песні няспетыя словы (А.Бачыла). Няма журбы на свеце лепшай, Чым у красе сярод дуброў. І ад хвароб яна палечыць, І ад няшчырых слоў сяброў (К.Кірэенка). Памяць сцерла час той незвычайны, Цеплыню тваіх сумотных слоў (А.Звонак). На вуснах іх [байцоў] марш недапеты, Упартыя словы надзей (Г.Бураўкін). Каб слова тройчыклятае вайна — І знаць не знала мова чалавека (А.Александровіч). Ён [Славік] стаяў на беразе паважны, сцішаны... і з нейкім салодкім страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчыліна і праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлівыя словы, якія былі запасены там на ўсе выпадкі... (І.Шамякін).

II. Мова; стыль пісьменніка; мова мастацкага твора: агністае, бацькаўскае (бацькоўскае), беларускае, бурштынавае (аўт.), бяссмертнае, высока і свежа паэтычнае (аўт.), глыбока па-народнаму, па-хлебнаму свежае (аўт.), гнуткае, гранічна простае, гучнае, жаданае, жывое ў вяках, запаветнае, звонкае, зрэбнае (аўт.), кроўнае, ласкавае, магутнае, матчына, мілагучнае, мудрае, мужнае, непаўторна свежае, неспазнанае, несплямленае (аўт.), няскоранае, паслухмянае, пералівістае, празрыстае, праменнае, праўдзівае, пяшчотнае, радаснае, раптоўнае, роднае, свабоднае, смелае, спеўнае, цёплае, чароўнае, чыстае, шчырае, шчырасці поўнае, шырока-далёка праслаўленае (аўт.), яснае  гнеўнае, сумнае, халоднае.

Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, Маё беларускае, роднае, кроўнае, Такое раптоўнае, такое чароўнае, Такое ласкавае, цёплае, чыстае, Як сонца, агністае, Як Нёман, празрыстае, Як казка, быліна, як песня, жаданае, Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, Гарачае слова ад шчырага сэрца (Д.Бічэль-Загнетава). Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца (Я.Купала). Зямля Беларусі! Ты ў граях-вяснянках, Ты ў звоне вясёлак, ты ў гуслях вятроў; Ты песня сама ад крыніц да заранкі, Ад зорак паўночных да сіняга ранку, Ты, наша паэма з бурштынавых слоў (П.Броўка). Бяссмертнае слова, ты роднае слова! Ты крыўды, няпраўды змагло (Я.Купала). Багдановіч прыйшоў да мяне перш за ўсё сваім “Перапісчыкам”. І цяпер, перачытваючы гэты верш, амаль расчулена ўспамінаю тое сваё хлапечае хваляванне, выкліканае... гранічна простым, але высока і — галоўнае — свежа паэтычным словам (Я.Брыль). Дарогай крутой, Праз тры рэвалюцыі, горы і кручы Пранеслі гарачае слова і свой... Вялікага сэрца агонь неўміручы (А.Александровіч). Партрэт Багушэвіча... І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, рускай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім зрэбным і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам (Я.Брыль). Дух збудзіў свайму народу [Шаўчэнка] Сваім гучным словам (Я.Купала). Жывое ў вяках беларускае слова — Народа душа і народа хвала. Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”, А нам жа ты — матчынай мовай была (А.Бачыла). Настойліва зноў запаветнае слова Шукацьму, каб нехта ў апошняй з анкет — На камні магільным пад гоман сасновы Мог выбіць адно толькі слова — паэт (П.Панчанка). Ад першых юначых балад і рамансаў да мужнай, велічнай плыні “Пана Тадэвуша” з асаблівай сілай, з вечна свежай і неразгаданай чароўнасцю жыве яно, хараство беларускай прыроды, непераймальна проста і моцна ўзятае ў звонкае польскае слова (Я.Брыль). Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне (Я.Купала). Спадчына — адзіны запавет, Спадчына — усіх асноў аснова, І нясе цераз вякі паэт Матчына няскоранае слова (С.Грахоўскі). Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! (Н.Гілевіч). На беларускай зямлі раней чым дзе ўварвалася ў свет праменнае і мудрае друкаванае слова (М.Гамолка). Імя кранае, свеціць, як бурштын, І, ўдзячны пералівістаму слову, Зямное, крэўнае знаходжу ў тым, Што вызначае корань і аснову (А.Пысін). І буду шчасны я... Калі змагу, табою ў ласцы ўзрошчаны, Тваю красу падняць у мужным слове, Зямля маёй цудоўнай Магілёўшчыны (К.Кірэенка). І словы былі ў гэтай песні, ды можна было і без іх. І не таму, што іх цяжка лавіць на ляту і вязаць у адно: да гэтай крылатай душэўнай мелодыі прасіліся новыя, непаўторна свежыя словы (Я.Брыль). І скрозь — тваім чыстым, нясплямленым словам Гамоняць сягоння лясы і дубровы (П.Глебка). Чаго ты стыдаешся? Слова яе [матчынага], Празрыстага, чыстага, Быццам званочак? Яна ж не гаворыць, А ціха пяе: “Вярніся дадому, сыночак” (С.Грахоўскі). Праўдзівае слова яго [Бядулі] і сёння кранае да слёз (Н.Гілевіч). Я ж праслаўлю навекі часіну звароту Сваім шчырым радасным словам І двойчы, і тройчы (П.Панчанка). Як гоман крынічны, як звон ручаёвы, Як плёскат бязмежных блакітных азёр, Тваё [Беларусь] зазвінела свабоднае слова, Хвалой узляцеўшы да сонца і зор (П.Броўка). Бо як паверыш ты ў бязлітасную смерць, адчуўшы сілу слоў яго [Пушкіна] магутных, смелых... (М.Танк). Жыццесцвярджальным, радасным смехам іскрыліся радкі Пімена Панчанкі, які па-салдацку ахвотна і шчодра дзяліўся з чытачом сваім тады ўжо шырока-далёка праслаўленым словам (Я.Брыль). Захару здавалася, што гэты голас ужо занадта раўнадушны, так кіпела і сціскалася сэрца яго ад гэтых халодных слоў (М.Лынькоў).

III. Размова, гутарка, выказванне, фраза: ветліва-вострае, ветлівае, вясёлае, гарачае, жывое, зварушлівае (аўт.), мілае, мудрае, простае, прыязлівае (разм.), прыязнае, смешнае, сяброўскае, шчырае  горкае, пустое, страшнае, чорнае, чэрствае.

Праўда, і сам ён [Алесь] быў далёка не без’языкі, — і перакінуўся з ёй ветліва-вострым слаўцом (Я.Брыль). З асаблівай прыемнасцю прачытаў я днямі простыя, мудрыя і такія вясёлыя словы Астапа Вішні (Я.Брыль). Цёмны сад-вінаград, Цвет бяленькі вішнёвы, — І агністы пагляд, І гарачыя словы (М.Багдановіч). Згас агонь жывога слова. Змоўкла чулая струна! (Я.Колас). Добрым жартам, зварушлівым слоўцам пачастуюць аднавяскоўцы (Д.Бічэль-Загнетава). Вы задалі мне хітрую задачу — Каб я вас словам мілым весяліў (Г.Бураўкін). А побач узняўся збудованы дом З вясёлым паглядам, смалісты, сасновы, А мы і зямлянку Цяпер назавём Зусім не благім, а прыязлівым словам (П.Броўка). Сустрэлі нас [фіны] сяброўскім шчырым словам (П.Панчанка). Кулямётчык Руневіч ведае, дзесьці схапіў мімаходзь на шляху самавука, цяпер прыпомніў і нясе з сабой смешныя, горкія, страшныя словы аднаго з найбольш закончаных салдафонаў Паўла Першага: “Солдат есть простой механизм, артикулом предусмотренный” (Я.Брыль). Астыну, потым зноў вазьмуся Судзіць амаль што кожны крок, Пустыя словы і ўчынкі, Што, быццам тыя аблачынкі, Часамі засцілаюць зрок (С.Грахоўскі). Бо ў кабінеце, здараецца часам, Кідае чэрствыя словы ён басам (П.Панчанка).

IV. Прамова, выступленне, зварот, заклік: агнявое, бадзёрае, жывое, мудрае, палкае, палымянае, пераможнае, простае, светлае, святое, сталёвае, шчырае.

Апаліла губы слова агнявое: Час за зброю брацца! (К.Буйло). І рушыць Беларускі фронт, Што стаў цяпер сцяной сталёвай, Калі пачуецца, як звон, Пабудкі агнявое слова (К.Буйло). Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб [сябры] паднялі галовы вышэй (М.Танк). Жывое слова знойдзе шлях да сэрца, Яго рупліва захавае час (А.Звонак). І мудрыя словы так проста і ясна, Як вечныя песні, гучаць (Я.Колас). Нам трэба, каб палкае слова вяло наперад думы людскія (П.Панчанка). Пішаш ты [Харужая] палымяныя словы, Што ўжо блізка наш дзень вызвалення, І здаецца, у астрозе суровым Ад тваіх слоў палае каменне (М.Танк). Прыкуты маланкамі слоў пераможных Падпальшчыкі войнаў да чорнага слупа (П.Панчанка). І ў час, калі, мажліва, ў соты раз На наш рубеж каціўся вораг валам, Салдат святое слова ўзнімала (П.Панчанка). І кідаў сталёвыя палкія словы Начальнік міліцыі (Я.Колас). Трэба шчырае слова народу, Ды такое, якое б заўсёды Пад сярмягай магло запалаць (М.Танк).

* Слова-бой, слова-гарт, слова-ззянне, слова-кліч, слова-краска, слова-крышталь, словы-зараніцы, цуда-слова.

Дай, паэзія, меч прамяністы, слова-гарт, слова-кліч, слова-бой! (П.Пестрак). Ты глядзіш праз неба просінь, Лашчыш слых мой, слова-ззянне, Атуляеш сэрца ласкай, Ноч і вечар, дзень, світанне Абняло ты, слова-краска (Я.Колас). Падарункамі снежнай пары Дзень рассыпаўся ў словах-крышталях (А.Куляшоў). Якія травы палявыя збіраў ты [Купала] чараваць людзей? З якіх вясёлак, бліскавіцаў І фарбаў неба і зямлі Тварыў ты словы-зараніцы (М.Танк). О, цуда-слова! Як зерне — коласам, як семя — кветкай, Яно аднойчы песняй прарасце (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць