Ґаўс Карл Фрыдрых (Gauss Carl Friеdrich; 30.04.1777-23.02.1855), нямецкі матэматык, замежны чл.-кар. (1802) і замежны ганаровы акад. (1824) Пецярбургскай АН. Характэрнымі рысамі творчасці Г. з'яўляюцца глыбокая арганічная сувязь у яго даследаваннях паміж тэарэтычнай і дастасоўнай матэматыкай, незвычайная шырыня праблематыкі. Працы Г. зрабілі вялікі ўплыў на развіццё алгебры, тэорыі лікаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, тэорыі прыцягнення, класічнай тэорыі электрычнасці і магнетызму, геадэзіі, цэлых галінаў тэарэтычнай астраноміі. У многіх раздзелах матэматыкі працы Г. садзейнічалі павышэнню патрабаванняў да лагічнай дакладнасці доказаў. Г. даў некалькі доказаў асноўнай тэарэмы алгебры; ён стварыў нутраную геаметрыю паверхняў, якая стала ўзорам для стварэння n-мернай рыманавай паверхні. Да гэтага часу не страціла актуальнасці першая буйная праца Г. «Арыфметычныя даследаванні», напісаная амаль 20-гадовым юнаком, дзе ў многіх пытаннях зроблены першыя буйныя крокі пасля старажытнагрэцкіх матэматыкаў. Г. першы даў строгі доказ квадратовага закону ўзаемнасці, знайшоў усе значэнні n, пры якіх можна пабудаваць правільны многавугольнік з дапамогай цыркуля і лінейкі. Гэтае адкрыццё настолькі ўразіла самога Г., што ён пажадаў, каб правільны 17-вугольнік быў выгравіраваны на яго надмагільным помніку, што і было выканана.

Літ.: Клейн Ф. Лекции о развитии математики в XIX столетии. Ч. 1. М.; Л., 1937.

Паведаміць пра недакладнасьць