Акінчыц Фабіян (20.01.1886-07.03./або 05.03./1943), беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст. Паходзіў з в. Акінчыцы Менскага павету, цяпер у межах г. Стоўбцы. Да 1917 г. быў сябрам партыі эсэраў. У 1926 г. увайшоў у кіраўніцтва Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (БСРГ), старшыня яе Віленскага гарадзкога камітэта. У 1927-30 гадах знаходзіўся ў зьняволеньні, адкуль быў вызвалены датэрмінова. Стаў на прапольскія пазыцыі, выступаў з публікацыямі антысавецкага зьместу, у якіх раскрываў дзейнасьць бальшавіцкай агентуры ў Заходняй Беларусі. У 1933 годзе пачаў ствараць Беларускую Нацыянал-Сацыялістычную Партыю (БНСП), стаўся яе гадоўным ідэёлагам. З 1938 г. - у Нямеччыне, працуе ў Міністэрстве прапаганды Нямеччыны, узначальвае яго беларускае бюро. Пад час нямецкай акупацыі спрабаваў захапіць уладу ў Беларусі з дапамогай прапагандыстаў, якіх рыхтаваў з беларусаў-ваеннапалонных польскай і чырвонай арміяў. Між іншым, вызваліў з палону Міхася Ганько, будучага кіраўніка «Саюзу Беларускай Моладзі». Па некаторых зьвестках, Акінчыц быў абвінавачаны ў даносах на а. Гадлеўскага немцам ды прысуджаны ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі да сьмерці. Забіты тэрарыстычнай групай у Менску.